Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт : другие произведения.

Апантаны

Самиздат: [Регистрация] [Найти] [Рейтинги] [Обсуждения] [Новинки] [Обзоры] [Помощь|Техвопросы]
Ссылки:
Школа кожевенного мастерства: сумки, ремни своими руками
 Ваша оценка:

  
  Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
  Апантаны
  Меладрама ў пяці карцінах
  КАРЦІНА І. Сябры
  КАРЦІНА ІІ. Памяткі
   Сцэна 1
   Сцэна 2
   Сцэна 3
   Сцэна 4
  КАРЦІНА ІІІ. Развітанне
   Сцэна 1
   Сцэна 2
   Сцэна 3
   Сцэна 4
   Сцэна 5
   Сцэна 6
   Сцэна 7
   Сцэна 8
  КАРЦІНА IV. Вяртанне
   Сцэна 1
   Сцэна 2
   Сцэна 3
   Сцэна 4
   Сцэна 5
  КАРЦІНА V. Вынікі легкадумнасці
   Сцэна 1
  
  
  АСОБЫ
  
  Аліна Паэтніцкая — маладая ўдава.
  
  Юлія Пянкніцкая — панна, яе сяброўка.
  
  Эдмунд
  
  яго сябры
  
  Віктар
  
  Карл
  
  Зыгмунт
  
  Агатка — служанка Паэтніцкай.
  
  Некалькі дам і мужчын, якія паказваюцца зводдаль.
  
  
  
  
  
  
  КАРЦІНА І. Сябры
  
  
  
  Тэатр уяўляе пакой — з правага боку гледачоў стол, застаўлены бутэлькамі, некалькі крэслаў у беспарадку. Пасярод задняй заслоны ўваходныя дзверы. Эдмунд з келіхам у атачэнні Віктара, Карла і Зыгмунта, якія таксама трымаюць келіхі, пяе, а ўсе прысутныя хорам паўтараюць апошнюю страфу.
  Спеў
  
  Эдмунд
  
  Гэй, браты! асушым чашы,
  
  Я дам прыклад,— за здароўе!
  
  Бо жыццё ж каротка наша,
  
  Дык гуляй да безгалоўя!
  
  Вось напітак
  
  Нам на ўжытак!
  
  Ён сум з намі раздзяляе
  
  І душу развесяляе.
  
  Як бяда ка мне надыдзе
  
  І тугі нагоніць хмару
  
  Або ўласнасць вырве злыдзень,
  
  Не гарую, ўзяўшы чару.
  
  Вось напітак
  
  Нам на ўжытак!
  
  Ён сум з намі раздзяляе
  
  І душу развесяляе.
  
  (Паціскаючы за рукі Віктара і Зыгмунта, гаворыць.)
  
  О, браты! як з вамі мне сягоння міла,
  
  Кожная хвіліна сэрца акрыліла!
  
  (Выступаючы наперад сцэны, працягвае з пачуццём.)
  
  Калі мне продкаў цноты дараваны,
  
  Чаму ж не даў ты, Божа ўмілаваны,
  
  Каб так гасцей прыняць, як я тут рад ім,
  
  Цудоўным балем, шчодрым і багатым.
  
  Але вядома, што нікчэмныя металы
  
  Ў пісьменніка кішэнях — госць нясталы.
  
  І як убогай хаткі
  
  Для вас адкрыты дзверцы,
  
  Адкрыта маё сэрца
  
  І сэрцы ўсёй грамадкі.
  
  Святым лічу саюз сяброўскі наскі,
  
  Але прабачце, дарагія госці,
  
  Што не магу дзяліць больш з вамі весялосці,
  
  Бо маю й іншыя святыя абавязкі.
  
  Карл (убок)
  
  Вось нас няшчасце спатыкае:
  
  Венгерскага паўкошыка нам кінуў
  
  І сам, як камфара, знікае,
  
  А я ж так тых шампанскіх вінаў
  
  Чакаў — бяру за сведку неба!
  
  Віктар (да Эдмунда)
  
  Аднак скажы нам, мілы дружа,
  
  Якая ж там так важная патрэба
  
  Ад гэтых вось хвілін прыемных дужа
  
  І ад сяброў цябе ўжо адрывае?
  
  Прызнайся, хто цябе так пільна выклікае.
  
  Калега, можа, немаччу зламаны,
  
  Ці ты мо чалавецтву так адданы,
  
  Што, пераняўшы цноты продкаў,
  
  Спяшаешся да беднае ўдавы, сіроткаў,
  
  Каб асушыць слязу нядолі?
  
  Дык, калі ласка, навучы і нас патолі.
  
  Карл
  
  Ах, ах! Вось я ўжо здагадаўся:
  
  На rendes-vous ён да сваёй багданкі
  
  Пакліканы, дык вось і рвецца да каханкі.
  
  Ну! Шчыра адкажы нам: я не ашукаўся?
  
  Эдмунд (з пачуццём)
  
  Мой Бог! так блюзняць твае вусны,
  
  Анёла чэрніш гэтым, сын распусны!
  
  (З захапленнем.)
  
  Яна ды rendes-vous! Святая цнота!
  
  Такая чыстая, нібы блакіты неба!
  
  Анёла абмаўляць бярэ цябе ахвота?
  
  Сумлення, Бога ў сэрцы не мець трэба!
  
  Яна так бездакорная, ў такім цудоўным стане,
  
  Што ў небе наша мусіць быць запісана каханне!
  
  Карл (здзекліва)
  
  Ха, ха, ха! Бедны чалавеча, годзе!
  
  І ты ў дзевятнаццатым стагоддзі
  
  Цнатлівасць дапускаеш у кабеце?
  
  Ох! не ўмееш ты, брат, жыць на свеце.
  
  Мне шкада цябе няўцешна,
  
  Вось убачыш, як паспешна
  
  Яна перш цябе занадзіць
  
  І ля грані шчасця — здрадзіць!
  
  Павер мне, дружа, што жанчыны ў нашы часы
  
  Разбэшчаны, на вострыя пачуцці ласы,
  
  Сваёй вучонасцю сучаснай ганарацца,
  
  Чакаюць аднаго: каб імі захапляцца,
  
  Бо Сю, Бальзака і Дзюма пералісталі
  
  І думкамі за мантэхрыстамі ляталі.
  
  З традыцый кпяць і з мовы роднае спрадвечнай
  
  І бачаць варварства ў іх прастаце сардэчнай.
  
  О, сёння, брат, не тое, як былога часу.
  
  Калі магутнага паэта з Чарналясу
  
  Грымела лютня, дык не толькі што шляхцянка,
  
  А нават дочка гетмана ці кашталянка
  
  Не пагарджалі сваёй роднай мовай.
  
  Найпершай выхавання іх было асновай
  
  У хрысціянскія ўзбагачваць сэрца цноты,
  
  Да працы гаспадарскай набіраць ахвоты.
  
  Вось так хаваная ў зацішшы дому панна
  
  Пра мужа ўзрост не дбала і красы старанна
  
  Не даглядала, а руку сваю з ахвотай
  
  Давала мужу слаўнаму геройскай цнотай.
  
  І хоць пачуццяў страсных сэрца мо не знала,
  
  Аднак жа аж да смерці аднаго кахала.
  
  А зараз, паглядзі, няхай пачуе
  
  У сэрцы стук, дык, як матыль пырхае
  
  І з кветкі ўміг на іншую качуе,
  
  Таго занадзіць — іншага кахае.
  
  Ды як кахае? Запытай любога:
  
  Не больш чым тыдзень! Месяц — вельмі доўга!
  
  Калі яе ты пакахаў духова,
  
  Дык кіне мігам — вось даю вам слова!
  
  Знаю, хутка нудным стане
  
  Ёй запал твой і каханне,
  
  Хай дакладна зразумее,
  
  Што мілёнак так цнатлівы,
  
  Як ягнётка, сарамлівы,
  
  Цноту бо цаніць умее.
  
  Эдмунд (узрываецца і з пачуццём гаворыць)
  
  Божа! За ўсе нагаворы
  
  І за даброт абвіненні
  
  Гневам яго тваім скорым
  
  Не пакарай...
  
  Віктар (у роздуме)
  
  Кінь! Чарненні —
  
  Душы ягонае стыхія,
  
  Бо ён вынюхвае такія
  
  Сярод жанчын, нібы лягавы,
  
  Іх скрытыя звычайна справы,
  
  Якія сабярэ і ўрэшце
  
  Разносіць потым па ўсім месце.
  
  Вось лепей раскажы нам пра сваё каханне,
  
  Пра шчырасць пачуцця, пра першае спатканне.
  
  Эдмунд (падумаўшы)
  
  Ну што ж, сябры мае, як так насталі,
  
  Скажу Як дзень Алены святкавалі,
  
  Тады адбыўся вечар мілы дужа,
  
  Цудоўна кветачкі там ззялі —
  
  Лілеі сціплыя, фіялкі, ружы —
  
  І прыгажосцю спакушалі.
  
  Ды дзве з іх там свяцілі асабліва:
  
  Цюльпан красой надзелены надзіва,
  
  Узнёсла пазіраў навокал
  
  І кожнае прыцягваў вока,
  
  Пашану будзячы міжволі;
  
  Ды ўражання ад ружы мо ніколі
  
  Ніхто не возьмецца і мо не зможа
  
  Ні апісаць, ані малюнкам пахваліцца.
  
  Паміж анёлаў толькі Божых
  
  Мо стрэў бы гэткіх чараўніцаў
  
  (Малы перапынак.)
  
  Папхнёны нябачнаю сілай,
  
  Я стаў побач з ёй нечакана,
  
  І ручку паціснуць дазволіла панна.
  
  як жа было гэта міла!
  
  (З узрастаючым уздымам.)
  
  Далонь у далоні, вока ў вока,
  
  І сэрцы сябе зразумелі,
  
  Шчаслівыя душы далёка,
  
  На самае неба, ўзляцелі.
  
  (Малы перапынак.)
  
  Назаўтра пайшоў я, каб ёй пакланіцца,
  
  І ў позірку ясным цудоўнай дзявіцы
  
  Свой зрок утапіўшы гарачы,
  
  Вось так яе ўпрошваў, няйначай.
  
  (Пяе.)
  
  Жыхарка ўзвышняй краіны!
  
  Ты сэрца, спакой мой забрала,
  
  Сваё ж ты ці ахвяравала
  
  Мне сэрцайка, скарб адзіны?
  
  Такая вось несправядлівасць
  
  За помстай звяртаецца ў неба.
  
  Якіх, скажы, доказаў трэба,
  
  Што маю к табе я зычлівасць?
  
  Ці ж не знаеш, моцы колькі
  
  Сэрца мае, ці не чуе,
  
  Што палоніць, што чаруе?
  
  Ты зірні ў люстэрка толькі
  
  І адразу ведаць зможаш,
  
  Як усмешкаю прынаднай,
  
  Вочак сілай ненагляднай
  
  Ты любога пераможаш.
  
  Сумненні адкінь у далейшым,
  
  Дай сэрцу свайму разгарэцца,
  
  Душа твая хай адгукнецца
  
  Пачуццём ка мне ласкавейшым.
  
  Віктар (гаворыць)
  
  Што ж яна на гэта?
  
  Эдмунд
  
  О, сябры мае вы!
  
  Калі прыгавору ля ног мілай дзевы
  
  Я чакаў з дрыжаннем, мне адказ быў даны
  
  Пачуццём глыбокім вельмі ўсхваляваны.
  
  Моваю наіўнай, шчырай і пяшчотнай
  
  Мне шапнула ціха: я табе ахвотна
  
  Сэрца маё беднае зараз уручаю,
  
  Ды ў пачуццях фальшу хай не прыкмячаю
  
  І ў размове нашай шчырай і адданай,
  
  Ні ў іскрынцы думкі, глыбока схаванай,
  
  Пажадлівасці хцівай хай у нас не будзе.
  
  А цяпер ідзі ўжо — ведаюць жа людзі
  
  Пра душы цнатлівасць, што быць можа ўзорам
  
  І тваім бяспечна будзе крочыць торам.
  
  (Пасля кароткага перапынку.)
  
  Пазней яна, як гнуткая расліна,
  
  Сваю галоўку... (прыпамінаючы). Ды, прызнацца,
  
  Пара наступіла хвілінам шчаслівым аддацца.
  
  Скажыце ж мне, каторая гадзіна?
  
  (Віктар паказвае гадзіннік.)
  
  О, ўжо восем, дзякуй Богу!
  
  Што так позна, я не ведаў,
  
  Спознен мілых час бяседаў.
  
  Вы даруйце, калі ласка,
  
  Што для гэтых абавязкаў
  
  Мне пара ўжо у дарогу.
  
  Карл (убок)
  
  Я за ім падамся следам
  
  Так, каб ён аб тым не ведаў.
  
  Праб’юся на вечар і там, пры старанні,
  
  Пазнаю, хто вінен у гэтым каханні.
  
  Зыгмунт
  
  Браты! Напаўняйце шклянкі
  
  За здароўе Эдмунда каханкі.
  Канец першай карціны
  
  
  КАРЦІНА ІІ. Памяткі
  
  
  
  Тэатр уяўляе малы пакойчык, сярэднія дзверы яго выходзяць у салон, у якім відаць шмат шпацыруючых гасцей. Удалечыні музыканты граюць кадрыль. Некалькі пар, танцуючы, раз-пораз прамільгне ля дзвярэй. У пакойчыку, налева ад гледачоў,— акно, пры якім на прыступках стаіць некалькі вазонаў і між імі кветка ружы.
  
  
  Сцэна 1
  Эдмунд адзін.
  
  Эдмунд (у неспакоі, стоячы ля акна, пажадліва сочыць за
  
  танцуючымі ў салоне)
  
  О як прыгожая яна ў тым танцы шчырым!
  
  Магла б у лёгкасці спаборнічаць з Зефірам,
  
  Бо зграбнай ножкай да зямлі ледзь датыкае,
  
  Мігне перада мной і вось ужо знікае.
  
  (Перапынак — паглядае на дзверы салона.)
  
  Ды быццам неспакойна і глядзіць, і крочыць;
  
  О радасць! Шчасце! То ж яна за мною сочыць!
  
  (З уздымам, звярнуўшыся да гледачоў.)
  
  О, Божа мой! Калі б мне перанесці
  
  Яе утрату надышла патрэба,
  
  Якое ж неба Ты б мог даць мне дзесьці?
  
  Інакшага я не жадаю неба.
  
  (Падумаўшы.)
  
  Здалёк ад тлуму, ў глухім бязлюддзі,
  
  Калі заранка ў небе (як дзявіца,
  
  Румянцам сарамлівым заірдзіцца,
  
  Галоўку склаўшы міламу на грудзі)
  
  Святлом дня краявід разбудзіць,
  
  Калі начны змрок яснасці збаіцца,
  
  Скрадаючыся, ціха падыходжу,
  
  Каб не спужаць, і ў сне яе знаходжу,
  
  (з узрастаючым уздымам)
  
  І над карцінай той адменнай,
  
  Над тым анёльскім тварэннем,
  
  Разглядаючы доўга з уміленнем,
  
  Стаю без руху статуяй каменнай.
  
  Аж вось усмешка зрушыла ёй шчокі,
  
  Анёл-гарэзнік рассмяшыў, няйначай,
  
  Бо вусначкамі рушыць сябра яснавокі.
  
  А можа, прытвараешся ты спячай?
  
  І толькі дражнішся? Падходжу бліжай,
  
  Схіляю голаў... больш яшчэ прыніжу...
  
  І ў лоб нявінны лёгенька цалую;
  
  Дык будзіцца яна з заспанай мінкай
  
  І гневацца стараецца хвілінку,
  
  З суровасцю прыняўшы ласку тую.
  
  А я тады, каб гнеў раззброіць строгі,
  
  Бяруся лютню строіць для нябогі
  
  І, як перад багіняю, натхнёны,
  
  На добры дзень душэўна тоны
  
  З грудзей дрыжачых дабываю
  
  І песню гэткую вось ёй спяваю.
  
  (Пяе.)
  
  Бажаство маё, Аліна!
  
  Ты прыгожа, як каліна,
  
  Як фіялка ў ясны золак,
  
  Дабратой жа ты — анёлак.
  
  Быццам зоркі твае вочкі
  
  У блакітным абрамленні.
  
  Ямкі дзве ўпрыгожаць шчочкі
  
  Пры усмешцы летуценнай.
  
  А пагоднае аблічча
  
  Сэрца чыстае дзявіча,
  
  Як яно б кахала,
  
  Каб любоў пазнала!
  
  (Гаворыць.)
  
  І як Зефір лагодненькім павевам
  
  Раз'ясніць неба, хмаркаю абвіта,
  
  Так зморшчкі на чале яе, нібыта
  
  Загневаным, знікаюць перад спевам:
  
  Мяняецца на радасную мінка —
  
  Узблісне вочкам ясным і вясёлым,
  
  І сораму румянец, як калінка,
  
  Акрые тварык сціплым арэолам.
  
  І цягне ўжо далоні,
  
  І туліцца да ўлоння.
  
  (З найвышэйшым уздымам.)
  
  Вось мне неба! Божа, ласкаю сваёю
  
  Дазволь мне вечна мілавацца з ёю.
  
  (Малы перапынак — слухае.)
  
  О хтосьці йдзе! Ласкавыя багі!
  
  Яна! Прадмет для сэрца дарагі.
  
  
  Сцэна 2
  Паэтніцкая —Эдмунд.
  
  Паэтніцкая
  
  (уваходзячы хутка і падаючы Эдмунду руку, гаворыць)
  
  Ша! Ледзь-ледзь прыкмеціла вас тутка.
  
  Калі ўсе танцамі заняты вокал,
  
  Я ўцякла і лёгкім крокам
  
  Сюды на момант падалася хутка,
  
  Каб пажурыць таго, хто гэткі ўпарты.
  
  Ці ж пазбягаць гульні вясёлай варта
  
  І думкамі благімі клапаціцца?
  
  На вас я буду гневацца, сварыцца.
  
  Дык згода! Ну, капрызнае стварэнне,
  
  Руку прыцісну на ўміратварэнне
  
  Да сэрца...
  
  (Бярэ яго руку і прыціскае да сэрца.)
  
  Эдмунд
  
  А ці ж слоў прызнання
  
  Твае не скажуць вусны? Ах! той «вы» лядовы
  
  Змарозіць палымяную душу гатовы
  
  І павялічыць боль у момант расставання.
  
  (Цалуе яе руку і з упрошваннем гаворыць.)
  
  О мілая! Калі за намі тутка сочаць
  
  Тых зрэнкі, што сваіх брыдот не могуць згледзець,
  
  Няхай твой зрок па мне сцюдзёна пераскочыць,
  
  А вусны абыякавыя словы цэдзяць.
  
  Аднак як мы адны і душы нам ахвотна
  
  Вачамі закаханымі дадуць сустрэцца,
  
  Хай слова «ты» заўжды слых лашчыць мой пяшчотна
  
  І сэрца радуе, што для цябе адзінай б’ецца.
  
  Паэтніцкая
  
  Ну добра, мой буркун! Няхай жа слова «вы»
  
  Пакіне назаўсёды слоўнік наш жывы.
  
  Калі ісці ты хочаш супроць этыкету,
  
  Скажу «ты» сто разоў, каб скончыць справу гэту.
  
  (Слова «ты» вымаўляе з прыціскам.)
  
  Эдмунд (цалуючы руку)
  
  Дзякуй, мой анёле Божы!
  
  Каб настрой вярнуць, быць можа,
  
  Дух узняць засумаваны,
  
  Хай пачуе ўсхваляваны
  
  З гэтых вусначкаў ружовых
  
  Мовай мілай і чароўнай
  
  Для душы, надзеі поўнай,
  
  У прыгожых колькі словах
  
  Тое, што ў душы растане
  
  І надзеяй мілай стане
  
  На час будучы і шчасны.
  
  Паэтніцкая
  
  Чаго ж трэба сэрцу ў міг сучасны?
  
  Эдмунд (са страхам)
  
  Ці любіш ты мяне?
  
  Паэтніцкая
  
  Навошта слова,
  
  Ці ж меней значыць душ, вачэй размова?
  
  Я ж табе ўжо адкрыла
  
  Сэрца церам мой нявінны.
  
  Бачыў ты, што там за сіла
  
  Страсці. Ці ж ты не дзяцінны
  
  З тым пытаннем? Ах, паэты!
  
  Усё ім мала.
  
  Эдмунд
  
  Праўда! мала... мала!
  
  Хачу, каб безупынна выплывала
  
  З каханых вуснаў слова з сэнсам гэтым.
  
  (З упрошваннем, беручы яе за руку. А Паэтніцкая ў
  
  часе яго наступнага маналога забаўляецца кветкай
  
  ружы.)
  
  Я ж заўтра ці пазаўтра еду ў падарожжа
  
  І ад любае далёка
  
  Тугою буду мучыцца на кожным кроку!
  
  Ці ж без цябе мне радасна быць можа?
  
  Паэтніцкая
  
  (падаючы яму вышчыкнуты з вазона лісток ружы)
  
  Вось, мой ты рыцар верны і каханы,
  
  Каб там нуда цябе не паланіла.
  
  Дару табе лісточак, з ружы адарваны.
  
  Эдмунд
  
  О дзякую, анёл мой! Чараў добрых сіла
  
  Так мілага мне талісмана
  
  На цуд вялікі атрымана.
  
  Хадзі, лісточак мілы, ў рукі.
  
  Ты, дзелячы са мною лёс разлукі,
  
  Не раз у сумных дзён хвіліны
  
  Ўнясеш аб ёй прыемныя ўспаміны.
  
  Паэтніцкая
  
  Схавай свой падарунак, і памалу,
  
  Не хвалячыся ім, хадзем у залу.
  
  А заўтра для развітання
  
  Прыходзь у ранняй часіне
  
  І ўбачыш — цяжар расставання
  
  Нас вельмі хутка пакіне.
  
  На суд твой я твор свой найпершы
  
  Аддам — прачытаю табе вершы
  
  Мае.
  
  Эдмунд
  
  Паэткай ты стала?
  
  Паэтніцкая
  
  А так, мой ты пане, й цешуся нямала.
  
  Ты здзіўлены?
  
  Эдмунд (задуменна)
  
  Паэткаю ты! Прадчуванне
  
  Благое ў душы.
  
  Паэтніцкая (незадаволена)
  
  Эдмунд! Хадзем на гулянне.
  Адыходзяць.
  
  
  Сцэна 3
  Пянкніцкая —Віктар.
  
  Пянкніцкая, якую Віктар праводзіць пад руку, сядае наперадзе сцэны і
  
  абвейвае сябе хусткай, быццам стомленая. Віктар становіцца збоку.
  
  
  
  Пянкніцкая
  
  Ах, як мне душна! Не маю больш сілы.
  
  Мне ўсе кантрадансы ўжо цалкам не мілы.
  
  Чаму ж гэта, пане Вікторы,
  
  Стаіш так нясмела ў пакоры?
  
  Падсунь сваё крэсла, сядай, пагаворым.
  
  Віктар (сядаючы)
  
  Вось я паслухмяны. Што пані жадае?
  
  Пянкніцкая
  
  Год будзе, напэўна, праз час некаторы,
  
  Як знаёмыя мы, а ўсё сумным вас бачу,
  
  Туга вас якаясьці мучыць і вяжа.
  
  А часам слязінкай зрок блісне юначы
  
  За мной наўздагон, дык у чым жа тут справа?
  
  Аднак не даю я тлумачыць вам права
  
  Цікавасць маю маёй чэсці на шкоду,
  
  Бо вы слова кожнае юнай жанчыны
  
  Тлумачыць карысліва маеце моду.
  
  (Уздыхаючы.)
  
  О як жа нешчаслівыя кабеты!
  
  Якіх за сэрца чулага прыкметы
  
  Грамадства злосна дакарае
  
  іх злачынствам называе.
  
  (З жалем.)
  
  І часта я адна сваё ўяўленне
  
  Займаю ласкай летуцення.
  
  (З сарамлівасцю, чулліва.)
  
  Хацелася б знайсці мне сябра дарагога,
  
  Ды смеласці ў душы маёй зусім нямнога,
  
  І ў сціпласць вашу ўжо яна не мае веры.
  
  Віктар (убок)
  
  Відаць, што мае іншыя намеры,
  
  Няйначай, хоча ўзяць мяне ў аблогу,
  
  Ну што ж, дай трохі пагуляю.
  
  (Да Пянкніцкай з прытворным уздымам.)
  
  Ах, пані мілая! Даўно ўжо панямногу
  
  У сэрцы будзіцца жаданне
  
  Да ног тваіх злажыць сваё прызнанне
  
  І выявіць усё, што ў сэрцы маю!
  
  Пянкніцкая (з прываблівай усмешкай)
  
  Хоць мовы гэткай мне і нельга, пане,
  
  Выслухваць, ды тваіх пачуццяў я не ганю.
  
  І не абвінавачвай ужо мяне, што знаць хачу я,
  
  Як сэрца мову сэрца разумее, чуе.
  
  (З жалем.)
  
  Скажы, ці ж нельга дараваць кабеце,
  
  З нуды штодзённай часам мо з запалам
  
  Пагнаўшайся за болей значным ідэалам?
  
  Аднак жа асуджаюць тых жанчын на свеце.
  
  Віктар
  
  Каму б вас, пані, асуджаць прыйшло у голаў,
  
  Цябе, хто грацыяй перасягнуў анёлаў:
  
  Як той шчаслівы, што парушыць зможа
  
  Душы тваёй струну звінячую прыгожа!
  
  (Падчас маналога Віктара Пянкніцкая зрывае бутончык
  
  ружы і забаўляецца ім, урэшце гулліва, з какецтвам пытае.)
  
  Пянкніцкая
  
  Глянь, Віктар! Вось пупышка ружы,
  
  Які знак гэтай кветцы служыць?
  
  Віктар
  
  Кахання знак. О пані,
  
  Дай мне ты гэту кветку дарагую
  
  Ці хоць лісток мо атрымаць змагу я,—
  
  Яго жадае сэрца ў велічным каханні!
  
  Пянкніцкая
  
  (устаючы, выпускае кветку пад ногі Віктара)
  
  Маўчы! Надходзіць хтосьці, у залу дай павернем.
  
  Вазьмі ж вунь кветку і любі, будзь верным.
  Узяўшы пад руку Віктара, адыходзіць.
  
  
  Сцэна 4
  Карл адзін.
  
  Карл (убягаючы, усхвалявана гаворыць)
  
  Які ж з мяне асёл! асёл і не іначай!
  
  Няхай хто запярэчыць. Вось з тваёй удачай!
  
  Старанняў столькі, пошукаў дарма панесці
  
  І за ўсю гэту працу стаць аслом нарэшце.
  
  Лятаў я, пільнаваў яго на кожным кроку,
  
  Бягу ў пакой пярэдні, а тут гаспадыня
  
  З усмешкаю чароўнай вока ў бок мой кіне,
  
  У рукі карты суне, каб ігру наладзіць,
  
  Вядзе мяне і за зялёны столік садзіць.
  
  (З роздумам.)
  
  І трэ ж было засесці, граць, прайграць адчайна,
  
  Кружэнне галавы схапіць праз гэта
  
  І не знайсці таго прадмета,
  
  Які маю цікавасць дражніць незвычайна.
  
  (Пасля роздуму горача прадаўжае.)
  
  Чакайце, галубкі! Йшчэ справа не прайграна,
  
  Клянуся я ўрачыста на нябёсаў Пана,
  
  Што вас падпільнаваць і выседзіць дам рады
  
  І што вас пасвару і прывяду да здрады.
  Канец другой карціны
  
  
  КАРЦІНА ІІІ. Развітанне
  
  Тэатр уяўляе той самы пакойчык, што і ў другой карціне. Направа ад гледачоў — малы столік, на ім папера, чарніліца і пёры. З бакоў некалькі крэслаў у бязладдзі. Ля століка сядзіць Паэтніцкая, адно пяро за вухам, а другое, трымаючы ў руках, у задуме грызе. Пасля
  
  невялікага перапынку піша, дыктуючы сабе ўголас.
  
  
  Сцэна 1
  Паэтніцкая адна.
  
  Паэтніцкая
  
  «Святая дружба!.. Ты золата словам!»
  
  (Думае.)
  
  Ты золата словам... і якой мне масці
  
  Тут рыфму даць, каб верш прыгожа скласці?
  
  Падыдзе мо, напрыклад... прапановам.
  
  (Пасля роздуму.)
  
  Але зноў бяда другая!
  
  Вось «прапановам» рыфма неблагая,
  
  Ды чым мне гэта слова дапаможа?
  
  А тут і ён з'явіцца зараз можа.
  
  Ахвота б пахваліцца, што ў сям’ю паэтаў
  
  І я ўвайшла з высокай творчай мэтай.
  
  (Пасля роздуму.)
  
  Учора, як сказала, вельмі задзівіўся,
  
  Так кісла глянуў на мяне, затым скрывіўся.
  
  Магчыма, зайздрасць так у ім загаварыла,
  
  Каб геніяльнага чаго б я не стварыла.
  
  (Устае і, праходжваючыся, гаворыць.)
  
  І што ж за дзіва? Бо сцвярджаць яны гатовы
  
  І цвёрда ўбіць сабе ў прамудрыя галовы,
  
  Што розуму жанчына мець не можа.
  
  І хоць ты кол тады на іх чашы, нябожа.
  
  І нават да каханай
  
  Не адносяцца з пашанай,
  
  Калі яна ў спаборніцтва ўступіла.
  
  Такая ў іх там і кахання сіла!
  
  (Малы перапынак.)
  
  Але да справы: дзе ж той рыфмы адгалоскі?
  
  Ах вось... няхай у памяці пабудзе межах.
  
  
  Сцэна 2
  Агатка — Паэтніцкая.
  
  Агатка (убягаючы імкліва, гаворыць)
  
  Прабачце, пані! Вось тут з вёскі
  
  Прынёс сялянін яек свежых,
  
  Дык, можа, купіце? Капа* іх па два зло*ты.
  
  Паэтніцкая (са злосцю)
  
  Ах ты, бязмозглая! Усю маю работу
  
  Нахабствам знішчыла! Прынеслі цябе чэрці!
  
  Агатка
  
  Але ж амаль за бесцань. Вы паверце!
  
  Па грошу за яйка.
  
  Паэтніцкая
  
  Няхай хоць і па злоту!
  
  Разбіла думкі мне! Парушыла самоту!
  
  Што я сказаць хацела,
  
  Мне з памяці зляцела.
  
  Калі лунаю думкай на Парнасе,
  
  Мяне к зямлі гнятуць у гэтым часе
  
  Сваёю нуднай прозай. Прэч! за гэту штуку
  
  Стаўку і яйкі, ха*ма й дам табе навуку!
  Агатка, паціскаючы плячыма, выходзіць.
  
  
  Сцэна 3
  Паэтніцкая адна.
  
  Паэтніцкая (бегаючы па пакоі, у хваляванні гаворыць)
  
  Ну будзь ты тут паэтам, як зусюль, бы змова,
  
  Усё на перашкодзе мне стаяць гатова.
  
  Аднак мяне нічога надламіць не зможа,
  
  На злосць жа пра сяброўства верш складу прыгожа.
  
  (Сядаючы пры стале, углыбіўшыся ў думкі, сама сабе
  
  дыктуе.)
  
  «Святая дружба! ты золата словам
  
  Рукою Бога запісана ў небе».
  
  (За хвілінку ўзрываецца і, бегаючы па пакоі, усхвалявана гаворыць.)
  
  Вось тое «словам» нейкім злосным часам
  
  Прыйшло на думку.
  
  (Пасля слова «на думку» задумваецца хвілінку, потым,
  
  стукнуўшы сябе па галаве, з радасцю гаворыць.)
  
  Маю, маю!..
  
  
  Сцэна 4
  Агатка — Паэтніцкая.
  
  Агатка (уваходзячы нясмела)
  
  Тут з мясам
  
  Жыдок прыйшоў. Цяляцінка прыгожа.
  
  Паэтніцкая (роспачна)
  
  Такое лёс мне вызначыў, быць можа,
  
  Што вось чартоўка гэта
  
  Цяляцінай і жыдам-прайдзісветам
  
  Мне славу паэтэсы сёння адымае.
  
  Сыдзі, скацініна дурная!
  Агатка, пакрыўджаная, выходзіць.
  
  
  Сцэна 5
  Паэтніцкая адна.
  
  Паэтніцкая (замыкаючы дзверы на ключ)
  
  Замкнуся, увайсці больш не дазволю
  
  І ўсё ж, на злосць людзям і наваколлю,
  
  Паэткай слаўнай стану. Пішам далей.
  
  (Сядаючы.)
  
  Хай рухне дом, я буду як са сталі.
  
  (Чытае.)
  
  «Святая дружба, ты золата словам
  
  Рукою Бога запісана ў небе.
  
  (Пасля невялікага перапынку; дыктуючы сабе, піша
  
  далей.)
  
  Дзелячы пакуты, лекам гоіш новым,
  
  Не знаеш зайздрасці, табе гнеў не патрэбен».
  
  (Чуваць стук у дзверы.)
  
  Вось на! якаясь зноўку перашкода.
  
  Хто там?
  
  Агатка (за дзвярамі)
  
  Прабачце, пані! Пан прыбыў якісьці.
  
  Дазволу просіць увайсці.
  
  Паэтніцкая
  
  (адмыкаючы дзверы, з незадавальненнем гаворыць)
  
  Мог бы сваё прыйсце
  
  І на пазней адкласці.
  
  
  Сцэна 6
  Паэтніцкая — Агатка.
  
  Паэтніцкая
  
  Падай мне, Агатка,
  
  На плечы хустку. Прыбяры старанна
  
  Чарніла, пёры і запрошвай пана.
  
  (Агатка выконвае заданне.)
  
  Вось як мая ахвота не ўдалася!
  
  Пра дружбу верш ледзь распачаты...
  
  То той мужык, то зноўку мяса
  
  Забілі замысел такі багаты!
  
  Ды іншай творчасцю яго здзівіць хачу я.
  
  Прынады маску ўздзеньма! Крок ягоны чую.
  
  
  Сцэна 7
  Паэтніцкая — Эдмунд.
  
  Паэтніцкая (падаючы руку ўваходзячаму Эдмунду)
  
  Вітай, паэтаў перла з Урыяну,
  
  Кароль ты на Парнасе, дык прасіць я стану,
  
  Каб творчасці маёй сваім аўтарытэтам
  
  Ты не стаптаў з увагі, што паэт кабета.
  
  Эдмунд
  
  Ах, мой анёле, ты скажы, ці варта
  
  Так жартаваць у момант развітання?
  
  Калі баліць душа, слязіцца вока ўпарта,
  
  Чаму ж не дзеліш ты са мною хвалявання?
  
  Паэтніцкая
  
  Ты нудны, Эдмунд, як з табой даць рады?
  
  Ці ж справядлівыя твае тут жалі?
  
  Нашто разводзіш мне свае ерэміяды!
  
  Няма прычын, каб гэтак акружалі
  
  Цябе журботы грамадой такою.
  
  Паедзеш з Богам, вернешся ў спакоі.
  
  Эдмунд
  
  Але ж я тваё сэрца бачу абы-якім,
  
  А вочкі, што даўней цвілі прынады знакам,
  
  Халодныя цяпер у момант расставання!
  
  Ці ж, як адсюль паеду ў край чужы, далёкі
  
  І буду, любая, там сумны, адзінокі,
  
  Магу ўсё ж пэўным быць твайго кахання?
  
  Паэтніцкая
  
  Ты ж бачыў маё сэрца, знаеш, што ў ім скрыта,
  
  І ведаеш, што ў шчырасці яно спавіта,
  
  Чаму ж напышлівасць кабеты,
  
  Калі ў ёй бачна схільнасць быць паэтам,
  
  Ты лічыш ганьбай. Сядзь за столік тутка,
  
  Цярплівым будзь, капрызаў пазбывайся хутка.
  
  (Эдмунд сядае.)
  
  Хоць бы да смерці тут табе знудзіцца,
  
  Я змушу тваё вуха на мой бок схіліцца.
  
  Так помсціць буду, для цябе знайшоўшы кару,
  
  За тое, што нявер’ем ты трывожыш мару.
  
  Бязлітаснаю я, як камень, стала,
  
  Бо ў паэтычным чуюся запале!
  
  Здавайся ўжо! Гаспарду верш я напісала,
  
  Табе ягонай жонкі прачытаю жалі.
  
  (Чытае.)
  
  «Калі ж слязой маёй гарачай
  
  Лёд сэрца я твайго разрушу?
  
  Дазволіш мне ты жыць іначай
  
  Ці ўжо канца чакаць я мушу?
  
  О мой Гаспард! Жыву надзеяй,
  
  Сама змагаюся з сабою,
  
  А сэрца з жалю халадзее,
  
  То хоча жыць, то жджэ адбою.
  
  Дарма адважнай быць хачу я,
  
  Хачу дабіцца дапамогі,
  
  Ды там мой розум слабасць чуе,
  
  Дзе ў сэрцы прага перамогі.
  
  Ці ж ад таго, што ўжо вячысты
  
  Мяне з табою вузел вяжа,
  
  Ка мне ты будзеш так скалістым?
  
  Пачуццяў знаку не пакажаш?
  
  Маё такое пажаданне:
  
  Жыві ты радасна, шчасліва,
  
  А мэта даўняга ўздыхання
  
  Кахае хай, як я, праўдзіва».
  
  (Гаворыць.)
  
  І што ж! Скажы, прашу, пра верш мой слова
  
  Сваё.
  
  Эдмунд
  
  Што ж, досыць добра, пачуццёва.
  
  Паэтніцкая (убок, з незадавальненнем)
  
  Вось, досыць добра! тон жа абыякі,
  
  У пахвале гэткай зайздрасці адзнакі.
  
  (Да Эдмунда.)
  
  Ты, Эдмунд, я прашу, скажы мне праўду ў вочы,
  
  Чаму адказ твой гэткі неахвочы?
  
  Эдмунд
  
  Хочаш ты майго прысуду,
  
  Дык хоць гнеў твой мо здабуду,
  
  Скажу праўду — сэрца мала.
  
  Каб яно мацней кахала,
  
  Дык свайго кахання сілай
  
  Думкі б шчырыя ўзбудзіла.
  
  Але пакіньма гэта, час ідзе ўладарна,
  
  А вось хвіліны шчасця гінуць марна
  
  У гутарцы пустой без перапынку.
  
  Няхай жа мой анёлак хоць гадзінку
  
  Размовай чулаю мяне узнагародзіць
  
  І смутак расставання асалодзіць.
  
  Паэтніцкая
  
  (Прыслухоўваючыся, у роздуме гаворыць сама сабе.)
  
  Вось на табе! Яшчэ пачуццяў мала,
  
  Калі я гэта так перажывала
  
  Усім сэрцам...
  
  Эдмунд
  
  Ну даруй мне! Ты ж хацела
  
  Пачуць. Мо памыляюся — душа збалела
  
  Глядзець на свет пакуты вокам,
  
  Дзе кветка ружы, бачыць там калючкі вокал.
  
  Пакіньма спрэчкі ў сённяшняй размове...
  
  Паэтніцкая (перапыняючы)
  
  Дык верш я прачытаю на другой аснове,
  
  Нібы малітва да нябёсаў Пана
  
  На шлюб дваіх людзей ахвяравана.
  
  (Чытае.)
  
  «З вашай сувязі нагоды
  
  Вам жадаю асалоды,
  
  Зычу шчырага кахання
  
  І да смерці ў ім трывання.
  
  Хай вас дзеткі акружаюць,
  
  Выгляд, нораў добры маюць,
  
  Хай жыццё ім лёс салодзіць,
  
  Чалавек благі не шкодзіць.
  
  А пасля з жыццём разлукі,
  
  Каб, падаўшы сабе рукі,
  
  Перад Богам маглі стаць,
  
  Узнагароду атрымаць».
  
  (Гаворыць.)
  
  А гэты плод майго ўяўлення
  
  Якім знаходзіш? Ды адважна
  
  І шчыра скрытыкуй маё тварэнне.
  
  Мне мець прысуд твой вельмі важна,
  
  Зміруся...
  
  Эдмунд (убок)
  
  У паэтычнай мове
  
  Павінен пахвалой я стрэліць,
  
  Дык мо пасля таго прыдзеліць
  
  Хвілінку любоўнай аснове.
  
  (Да Паэтніцкай.)
  
  О, любая, калі ты маеш з неба
  
  Дар паэтычнага прамоўцы
  
  І калі ты ў сваёй галоўцы,
  
  Як промні ззяючага Феба,
  
  Намеры, думкі творчыя займела,
  
  Няхай рука твая іх піша смела!
  
  Калі ж у крытыкі мяне ты прызываеш
  
  І гэтай творчай ліры плёны
  
  Сваіх чароўных песняў тоны
  
  Ты мне ацэньваць давяраеш,
  
  О, праўды я тым не парушу,
  
  Прысуд завышаным не стане,
  
  Бо шчыра я прызнацца мушу,
  
  Што роўнае табе ў пісанні
  
  Няма, не меў я прад вачыма.
  
  Спявай, літоўская ты наша Дэатыма!
  
  Паэтніцкая (перапыняючы)
  
  Ну, крывадушнічаць мо годзе,
  
  Тут словы з думкаю не ў згодзе.
  
  Такое я ўспрымаю за насмешку.
  
  Эдмунд
  
  О мой анёле! Сёння ўперамешку
  
  Ў цябе настрой. Хвіліна расставання
  
  Ці асалодзіць мне тугу выгнання?
  
  (Сумна.)
  
  Куды ж падзеўся той наш час шчаслівы?
  
  Дзе ты, неба, засталося?
  
  Я помню дні, калі з душы тваёй імкліва
  
  На кожнае маё ўздыханне
  
  Тваё вялікае каханне
  
  У душу маю кіпучую лілося.
  
  Дзе тыя позіркі, мой Божа мілы!
  
  З якіх чароўныя мне вырасталі крылы?
  
  Зімой яны ўжо свецяць, лёдам на вяршыне.
  
  Вазьмі маё жыццё або спакой вярні мне!
  
  Паэтніцкая (з незадавальненнем і нудой, убок)
  
  Нябожчык муж мой, вечнае яму адпачыванне,
  
  Любіў мае тварэнні, хоць быў крытык строгі.
  
  Чаму ж мой верш у ім не будзіць спачування?
  
  Тут зайздрасць!
  
  (Да Эдмунда.)
  
  Дык бывай, шчаслівае дарогі.
  
  Эдмунд
  
  Ну, будзь здаровая, анёле мой адзіны!
  
  Ў край дальні еду, начапіўшы сум-аздобу;
  
  Хоць сэрца зраніла мне,— ўхутаны ў жалобу,
  
  Не кіну славіць тыя шчасныя гадзіны,
  
  Калі адкрыла мне Ты неба — хоць здалёку,
  
  Дала адчуць: чакае рай навідавоку
  
  Смяротнага — Твая анёльская душа быццём —
  
  Ох! быццам варам, абпаліла пачуццём.
  
  Ты ў коле свойскім, між забаў, пасярод знаці
  
  Шчаслівая! Дарма пра сябра і згадаці,
  
  Што воддаль недзе там ад роднага парога,
  
  Зняверыўшыся ў шчасці, п’е адно трывогу
  
  Ў сваім вандроўніцтве. Бывай жа, любы квеце!
  
  Мой лёс — адчай, Табе ж — спакой і шчасце ў свеце.
  
  
  Сцэна 8
  Паэтніцкая адна.
  
  Паэтніцкая
  
  Яго бясстраснасцю я засмуціла дужа.
  
  (Пасля развагі.)
  
  А не гняві мяне ўзвышэнствам, мілы дружа!
  
  І сапраўды! — душу яго так пыха грэе;
  
  Бач, ён пісаць умее, ён мудрэй ад змея,
  
  Мяне ж лічыць стварэннем Божым — нат ні блізка:
  
  (махнуўшы рукой)
  
  Дык едзь сабе шчасліва (робіць рэверанс) —
  
  кланяюся нізка!
  Канец трэцяй карціны
  
  
  КАРЦІНА IV. Вяртанне
  
  Тэатр уяўляе той самы пакой, што і ў мінулай карціне. Эдмунд бледны,
  
  адзенне і валасы ў бязладдзі.
  
  
  Сцэна 1
  Эдмунд адзін.
  
  Эдмунд (гаворыць павольна)
  
  Не! Я не веру, каб душа кабеты
  
  Была ажно настолькі лютай.
  
  Ды што ёй дасць мая пакута
  
  І што яе вядзе на крок здрадлівы гэты?
  
  (Думае.)
  
  Успамінаючы мінулае сягоння,
  
  Свае учынкі стаўлю я перад вачыма.
  
  Дарма шукаю думкамі прычыны,
  
  І розум мой дарма ў здагадках тоне.
  
  (Кароткі перапынак.)
  
  Абразіў мо яе як я неасцярожна?
  
  (Думае.)
  
  Ды не! Даўней не раз, бывала,
  
  Паслухаць слоў маіх была гатова,
  
  Малітвай для яе мая бывала мова.
  
  
  
  А можа, я ў настроі радасным, вясёлым
  
  Яе цнатлівасць як абразіў ненарокам?
  
  Мой Божа мілы! Ды я ёй, нібы анёлам,
  
  Складаў пашану, як святой, на кожным кроку.
  
  (Думае.)
  
  Што праўда, пры ад’ездзе зімна выпраўляла,
  
  Няўжо тады ашуквала і не кахала?
  
  О не! Я прысягаю на збаўленне
  
  І на сваіх шаноўных продкаў цені,
  
  Што крывадушнасці ў душы яна не мела.
  
  Яна, як цнота, чыстая душой і целам!
  
  А стаўшы ў злой какеткі ролі,
  
  Няўжо хацела б апынуцца у распусніц коле?
  
  (Пасля кароткага перапынку.)
  
  Дык чаму ж, вярнуўшыся з дарогі,
  
  Калі імчаўся я ў жылля яе парогі,
  
  Каб сумную душу сустрэчай з ёю
  
  Уцешыць радасцю, яна, нібы скалою,
  
  Закрыць перада мною дзверы загадала
  
  І нават глянуць на мяне не пажадала?
  
  (Думае.)
  
  Не, не! Капрыз, капрыз тут і нічога болей!
  
  Абмовіў хтосьці перад ёй мяне, быць можа,
  
  Ці злая мо, што я прадоўжыў падарожжа?
  
  Таму ж хачу яе і ўбачыць з сэрца болем.
  
  Як сыдземся, ля ног яе пахілы,
  
  Удару ў струны сэрца з цэлай сілы
  
  Адчаю тонам. Гэта мо яе расчуліць,
  
  Яна пяшчотай дробнай смутак мой утуліць.
  
  Ды ціха! Хтось ідзе. О, каб мая нябога
  
  На літасць замяніла строгасць
  
  І ўраз з’явілася асаладзіць мае пакуты,
  
  Якімі, пэўна, не з яе віны я скуты!
  
  
  
  Ах не! Яе сяброўка крокі набліжае.
  
  О Божа! Ты замкні ў маім улонні
  
  Адчай мой, у якім душа ўся тоне,
  
  Хай літасцю сваёй мяне не паніжае.
  
  
  Сцэна 2
  Пянкніцкая і Эдмунд.
  
  Пянкніцкая
  
  Дзень добры, пане Эдмунд! І што ж вас прыводзіць
  
  У дом маёй сяброўкі?
  
  Эдмунд
  
  О, як разуменне
  
  У сэрцы вашым ёсць, дык стану на калені
  
  І папрашу, хай дабрата сяброўству годзіць,
  
  А тое з літасці пачуццем зноўку
  
  Хвілінку ўвагі вам даруе.
  
  А як узрушыць тое, што тут гавару я,
  
  Я буду ўдзячны вам, мая сяброўка.
  
  Пянкніцкая
  
  Сядзь, Эдмунд, толкам пагаворым,
  
  Праўдзівым быць заслуга, а не сорам.
  
  Я слоў сваіх у воўну не ўвіваю,
  
  Чаго ты хочаш ад яе. Дазволь, хай знаю,
  
  Чаму ёй дакучаеш?
  
  Эдмунд
  
  Для цябе ж не тайна —
  
  Любоў мая к ёй чыста надзвычайна,
  
  Табе вядома наша першае спатканне,
  
  Пачуццяў нашых узаемных прарастанні.
  
  А вось чаму, як я прыбыў з дарогі,
  
  Такую змену сёння сустракаю?
  
  У дом свой нат мяне ужо не пускае,
  
  І дарма абіваю тут парогі.
  
  Пянкніцкая
  
  Чаму? — знаць хочаш. Прошлага ўспаміны
  
  Пакліч і зразумееш гэтага прычыны.
  
  Прызнайся мне, ці раз сказала
  
  Яна табе, што шчырым сэрцам пакахала?
  
  Эдмунд (падумаўшы)
  
  Так, праўда гэта, але ці не блудзіш,
  
  Што нас аднабакова гэтак судзіш?
  
  (Пераканаўча.)
  
  А як жа разумець усё, што гаварыла,
  
  Што сто разоў мне паўтарала гэтак міла?
  
  Ці ж я змушаў яе рабіць прызнанне?
  
  Пянкніцкая
  
  Ну што казала? Паўтары, мой пане!
  
  Цікава ведаць.
  
  Эдмунд (з болем, дэкламуючы)
  
  «Нашто пустое слова,
  
  Няўжо ж не лепшая вачэй і душ размова?»
  
  Так зводзіла мяне! Мне быў падараваны
  
  На памятку лісток, ад ружы адарваны,
  
  Які ля сэрца я трымаю і сягоння.
  
  А тыя ўсціскі, што дагэтуль мне далоні
  
  Так паляць, а таксама... (спыняецца), ды даволі
  
  Пянкніцкая
  
  Што ж, што?
  
  Эдмунд
  
  Я не хачу казаць пра тое болей,
  
  Лепш на сябе прыму ўсе цяжары
  
  Віны...
  
  Пянкніцкая
  
  Але канец канцом пакінь беспаваротна
  
  Твае няшчасныя надзеі, мары,—
  
  Яна цябе, дальбог жа, не кахае!
  
  Эдмунд
  
  На жаль, яна пустая, бачу, і сухая.
  
  (Малы перапынак.)
  
  Я помню, што душа мая драмала,
  
  Быў я вясёлы, ўсё рабіў ахвотна,
  
  Яна вось, як Адама Ева, спакусіла
  
  Мяне, сірэны вокам глянуўшы, зламала
  
  І да кахання палымянага ўскрасіла!
  
  А як агонь душы пачаў палаць вулканам,
  
  Яна смяецца ўжо над закаханым,
  
  Над бедным сэрцам літасці не мае.
  
  Пянкніцкая (са спачуваннем)
  
  Пакутуеш, відаць, твой твар палае.
  
  Скажы, няўжо не можаш ты пазбыцца
  
  Кахання гэтага пустога?
  
  Разумным будзь, спрабуй забыцца,
  
  Другой хай сэрца пашукае.
  
  (Чула пазіраючы на Эдмунда, бярэ яго за руку.)
  
  У нас жа прыгажунь так многа!
  
  Эдмунд (з абурэннем)
  
  Што? Я — другую? Гэта ж і бязбожна,
  
  І знаеш, што пачуццям загадаць няможна.
  
  Пянкніцкая
  
  Ну так, па шчырасці скажы мне,
  
  Што бачыш надзвычайнага ты ў той жанчыне?
  
  Эдмунд
  
  Ці ж не прыгожая?
  
  Пянкніцкая
  
  Магчыма.
  
  Эдмунд
  
  І мілая?
  
  Пянкніцкая
  
  Быць можа.
  
  Эдмунд
  
  Ці ж можна быць так абыякавай, мой Божа?
  
  Красы ёй пазайздросціць могуць і анёлы,
  
  І пэндзаль Рафаэля мо замала кволы,
  
  Каб апісаць красу і постаць незямлянай!
  
  А розум!
  
  Пянкніцкая
  
  Праўда! Вершы піша, успаміны.
  
  Дык вось і гнеў тваёй каханай
  
  Пайшоў ад тых яе тварэнняў.
  
  Эдмунд (у жаху)
  
  І я з яе сяброўкі вуснаў чую кпіны?
  
  Пянкніцкая
  
  Кажу табе ад чыстага сумлення,
  
  Ды толькі не прымі ты гэтай мовы
  
  У лік пачуццяў нейкіх загарання
  
  (пяшчотна)
  
  Адносна да цябе або і закахання,
  
  Бо вы, паэты ўсе, гарачыя галовы
  
  (прывабліва пазіраючы на Эдмунда)
  
  І слабасць, ветлівасць кабеты
  
  Тлумачыце сабе за... схільнасці прыкметы.
  
  Эдмунд (устае і перапыняе яе гаворку)
  
  О, будзь спакойная аб гэтым, пані!
  
  Няхай такая думка не паўстане;
  
  У голаў гэта мне зусім не налятала,
  
  Каб ты ўладаркай сэрца майго стала,
  
  Даруй і шчырасці маёй дай веры.
  
  Глядзяць жа ўсе на статую Венеры,
  
  Аднак назваў бы я няйнакш як шалам,
  
  Каб, як Пігмаліён, палаць пачуццем сталым
  
  Да статуі. А я ж не гэткі чынам важны
  
  І, дзякуй Богу, не такі адважны,
  
  Каб думаць, што тваё пустое слова —
  
  Пачуццяў чулых рэха, сэрца мова.
  
  Пянкніцкая (зрываецца з гневам і гаворыць)
  
  Вось як ты! Ветлівасць з салона!
  
  За шчырасць гэту гневацца законна.
  
  Але пан хворы, дык я ўжо прабачу,
  
  Аднак адну пакуту ўсё ж такі назначу:
  
  Скажы мне, бо ты ведаеш, я знаю,
  
  Дзе ў гэты час пан Віктар прабывае,
  
  Каго ён любіць, хто яго займае
  
  І каго на ўвазе пастаянна мае?
  
  Эдмунд (з насмешкай, падумаўшы)
  
  Знаеш пагаворку? Еш пірог з грыбамі
  
  (кланяючыся)
  
  І трымай язык свой пільна за зубамі.
  
  Пянкніцкая (з вымушанай усмешкай)
  
  Відаць, я не даб’юся ад цябе нічога,
  
  Дык будзь шчаслівы і ідзі сваёй дарогай.
  Кланяецца і адыходзіць.
  
  
  Сцэна 3
  Эдмунд адзін.
  
  Эдмунд (падумаўшы)
  
  Мудрэц якісьці ў даўні час не памыліўся,
  
  Сказаўшы, што каб суд з жанчын устанавіўся,
  
  Дык беднаму чалавеку
  
  Чакаць праўды не прыйшлося б,
  
  Справу, быццам у Асеку,
  
  Прайграць яму давялося б,
  
  І яшчэ паны юрысты
  
  Цяжкую кару прысудзілі б урачыста.
  
  (Малы перапынак.)
  
  Бывае, праўда, і той-сёй з жанчын талковы,
  
  Але ва ўласных справах суд іх асяковы.
  
  Жанчыны вінны прадчуваць, што будзе
  
  І што яны сваіх памылак суддзі.
  
  А тая вось, што гэтак праўду зберагае,
  
  Дала ж тут доказ, што ў пашане цноту мае?
  
  Хоць твар яе гарыць пярэчаннем заўзята,
  
  Я вінен, а сяброўка, бач, не вінавата.
  
  (Перапынак.)
  
  У чым мяне вініць яны ўзяліся строга?
  
  Што праз каханне к ёй вяла мяне дарога?
  
  (Прахаджваецца ў задуменні,
  
  пасля, спыніўшыся, з роздумам гаворыць.)
  
  Караў злачынцаў ўсіх Юпітэр перунамі,
  
  Яна ж, за шчырае каханне,
  
  За ўсё маё самаадданне
  
  Загадвае мне плакаць скрыўджаных слязамі.
  
  Не лгаў Жыгліцкі, кажучы: «У сяле ці ў месце
  
  Ніколі, брат, не давярай нявесце».
  
  Адам, найпершы чалавек, праз словы Евы
  
  Сцягнуў на цэлы род людскі нябёсаў гневы.
  
  Самсон, што льва раздзёр, загінуў у бяссіллі,
  
  Бо лішне давяраўся здрадніцкай Далілі.
  
  Давіда, што з Галіяфам так змагаўся смела,
  
  Красуня Бетсабея гнула, як хацела.
  
  І Генрых, як Балену пакахаў сардэчна,
  
  Пакінуў веру і забойцам стаў навечна.
  
  Ды хто там зноў ідзе? Мо Карл? — вось гора
  
  Зноў допыты пачнуцца ці дакоры,
  
  А тут душа пакутуе ад хвалявання,
  
  Палае галава — нічога йшчэ ад рання
  
  У вуснах я не меў Пайду дахаты.
  
  
  Сцэна 4
  Карл і Эдмунд.
  
  Карл (убягаючы імкліва)
  
  Куды ж ты так спяшаешся заўзята?
  
  Шчаслівы чалавек! І ўсё ж я здагадаўся,
  
  Каго ты пакахаў, кім так заняўся.
  
  Эдмунд (сумна ўсміхаючыся)
  
  Ну мне цікава ведаць, да якой жа мэты
  
  Кіруеш здо*гадкі?
  
  Карл (пахапліва)
  
  Мой сябра, кінь сакрэты,
  
  Як толькі ты прыбыў з дарогі,
  
  Магніт цябе павёў у гэтыя парогі,
  
  Дык тут, відаць, прадмет.
  
  Эдмунд
  
  Ты моцна памыліўся,
  
  Дарма няволіш розум, ты, брат, разгубіўся.
  
  Я меў інтэрас тут, і скончым гэтым разам.
  
  (З найвялікшым смуткам.)
  
  Сушыць не варта галавы, прапала шчасце
  
  З яе ўзаемнасцю, і вось яшчэ прапасці
  
  Не можа толькі успамін.
  
  Карл
  
  Я ж вам даказваў,
  
  Што ў нас кабеты ўсе дазвання
  
  Цаніць не ўмеюць шчырага кахання,
  
  Духоўных сувязей цаніць не ўмеюць
  
  І што такое ідэал, не разумеюць,
  
  Прадмет ім падавай. Якая ж, дружа,
  
  Цябе пакінула? Хай гнеў мой дужа
  
  Супроць яе ўзгарыцца.
  
  Ты можаш мне адкрыцца,
  
  А як раздзеліш з сябрам сум ці гора,
  
  Душа твая ўцяшэнне знойдзе скора.
  
  Эдмунд (з найвялікшым смуткам)
  
  Ўцяшэнне мне? Яны ўжо прамінулі —
  
  Хвіліны шчасця, радасці і гулі.
  
  Навошта гаварыць? Душу я толькі ўзрушу.
  
  Бывай, мой дружа! Я ісці ўжо мушу.
  Адыходзіць.
  
  
  Сцэна 5
  Карл адзін.
  
  Карл (з роздумам)
  
  Чаму ж ён гэтакі маўклівы, скрыты, дзікі?
  
  Бядак! пляткаркі заядуць яго, на жаль вялікі.
  
  Па-рознаму ўжо я к яму падходзіў,
  
  То гонар закранаў, то зноў лагодзіў,
  
  А ён адказ маўчаннем паўтарае!
  
  Нарэшце гнеў мяне ўжо разбірае.
  
  (Думае.)
  
  А хто ж прадмет яго пачуццяў? Ну, нічога!
  
  Зайграю ліса я перад табой такога,
  
  Што ты мне ўсё спяеш, што паддасіся ўрэшце,
  
  А я ваш той рамансік разнясу па месце.
  
  Ды не па злосці, хай мне Бог даруе,
  
  Жаданнем гэткім у душы гару я:
  
  Хачу адпомсціць я за сябра-небараку.
  
  О, як яе спакусніцу-вужаку
  
  Адкрыю свету, абдзяру са славы.
  
  Як у крыві ахвяра, гэтакі ж крывавы
  
  Разлік з ёй будзе, бо нарэшце
  
  Ты толькі папусціся сённяшняй нявесце,
  
  Бывай тады спакой, бо дагары нагамі
  
  Паставіць дом прывычку мае.
  
  Дык хай нас Бог аберагае,
  
  Бо не адзін зальецца горкімі слязамі,
  
  Праз злосць яе, капрыз і ўпартасць пагаруе.
  
  Ну вы скажыце, ці ж не праўду гавару я?
  
  (Малы перапынак.)
  
  І тут віна ўся ў модным выхаванні,
  
  Дзяўчо любое ледзь на ногі ўстане,
  
  Адразу маці ўжо кіруюць імі гэтак,
  
  Што каб замест прывіць мараль у малалетак,
  
  Каб цнотай і малітвай даражылі,
  
  Яны мазуркаў вучаць іх, кадрылі!!!
  
  Усіх навук і мудрасці аснова —
  
  Французская ў іх мова.
  
  У кветачцы, што толькі стане прарастаці,
  
  Атрутай моды ўскормленая маці
  
  Прытуліць розум і, замест навук айчыны,
  
  Гвалтоўна пхне яе ў вобласці чужыны.
  
  Не вучаць пераймаць даўнейшай цноты,
  
  Не вучаць шанаваць прапрадзедаў учынкі,
  
  А сэрца чыстае нявіннае дзяўчынкі
  
  Напоўніць ядамі бяздзейнасці й пяшчоты.
  
  Навучыць, як паказваць зубкі ненарокам,
  
  Прачулена руку малойчыку паціснуць
  
  І больш прачулена прывабным вокам бліснуць.
  
  Вось так падрыхтаваных крок за крокам
  
  Нарэшце пасылаюць у пансіянаты,
  
  Дзе злое зерне, сеянае дома,
  
  Дае пасля плён пышны і багаты.
  
  Дзяўчо, якое так муштруюць ад дзіцяці,
  
  Ці ж можа добрай дочкай быць, стаць жонкай, маці,
  
  Сапраўднай грамадзянкай нашае краіны?
  
  О не, дальбог, за маці віны
  
  Сірэна гэткая не варта ўшанавання,
  
  Бо ў ёй няма святых пачуццяў, ні кахання.
  Канец чацвёртай карціны
  
  
  КАРЦІНА V. Вынікі легкадумнасці
  
  Тэатр уяўляе лес. З левага боку ад гледачоў — камень, на які можна сесці. Эдмунд убягае бледны, вопратка ў беспарадку, валасы раскалмачаныя; падпяразаны вяроўкай, на руках таксама разарваныя вяроўкі.
  
  
  Сцэна 1
  Эдмунд адзін.
  
  Эдмунд (павольна)
  
  Га! Усё ж ад іх я ўцёк сягоння,
  
  Надарма пошукі й пагоня.
  
  (Малы перапынак, разглядае гушчар лесу.)
  
  Тут, дзе лясны зацішак,
  
  Кватэра мне быць можа,
  
  Той мох паслужыць ложам,
  
  Ну а сяброў аж лішак
  
  Знайду я ў лесе гэтым.
  
  (Штораз жвавей.)
  
  Тут між звяр’я ляснога,
  
  Як Ян святы, жыць строга
  
  Сваёй пастаўлю мэтай.
  
  (Гаворыць павольней.)
  
  Зімой кара мне будзе стравай,
  
  А ўлетку — ягады лясныя;
  
  Пад бярозай кучаравай,
  
  Як дакучыць вельмі спёка,
  
  Ад сусветных бур далёка
  
  Буду бачыць свае сны я.
  
  (З перасцярогай.)
  
  Бо той агонь нябесны, што Бог спасылае,
  
  Якім сваё людское племя сагравае,
  
  Тут менш пячэ, не так шкадлівы,
  
  (паказвае на сэрца)
  
  Як той, які на бліжніх мае ўплывы.
  
  (Малы перапынак.)
  
  А як мяне наведаць госць лясны захоча,
  
  Мядзведзь або пантэра, што п’е кроў ахвоча,
  
  Скажу ім ветліва, прыгожа,
  
  Што кожны з іх тут сесці можа,
  
  І сам між імі сяду,
  
  І павядзём супольную нараду.
  
  Спытаю я, якія звычаі хавае
  
  Радзіма іхняя лясная,
  
  Ці, як і ў горадзе, ў іх ёсць мана і здрады,
  
  Пыхлівасць, зайздрасць і — ніякае спагады?
  
  (З усё большым хваляваннем.)
  
  Ці і ў іхнім акружэнні
  
  Святыя дружбы звенні
  
  Карысцю пераплеценыя ўласнай?
  
  (З насмешкай.)
  
  Га! а тыя, верныя ў каханні,
  
  Што толькі ў небе маюць памяшканні?
  
  (З найбольшым раздражненнем.)
  
  Ах! гэта і чартоўкі адначасна!
  
  Хто мне каханку ўспамінае,
  
  Такога маё сэрца праклінае!
  
  (Думае, пасля, сядаючы на камень,
  
  гаворыць павольна.)
  
  Кабета! — ты пух марны! Вось паэта слова,
  
  І ён цярпеў кахання буру адмыслова.
  
  (Штораз жвавей.)
  
  Салодкія, прынадныя пагляды,
  
  Уздыхі, поўныя прынады,
  
  Не раз жыццё яго муцілі.
  
  (З сілай.)
  
  Але ж яго няўдачы не скруцілі,
  
  І загаіў свайго ён сэрца раны,
  
  (здзекліва)
  
  Пакінуў баб, пазнаўшы іх заганы.
  
  (З жалем і павольна.)
  
  А я паддаўся — не хапіла сілы,
  
  Бо моц тых позіркаў прынадных,
  
  Абдымкі, ўздых між слоў бязладных
  
  Былі мне надзвычайна мілы.
  
  (Прыпамінаючы.)
  
  Я помню вечарам сярод сабраных, збоку,
  
  Калі стаяў прыслонены самотна,
  
  Глядзеў з пачуццем на яе і мімалётна
  
  Сачыў маланкі ў палымяным зроку.
  
  (Узрываецца і жвава гаворыць.)
  
  І раптам два бліскучыя кінжалы
  
  Мне сэрца глыбока прабілі,
  
  Гляджу, аж гэта вочкі-джалы
  
  (з пачуццём раздражнення)
  
  Са зроку базылішка палыхаюць,
  
  І ўва мне агонь смяротны раздуваюць,
  
  І вось душу запаланілі.
  
  (З жалем, павольна.)
  
  Ах, як яна тады здалася мне прыгожай!
  
  Якая сіла ў той красе змяшчацца можа!
  
  Смяротнік той, што гэты скарб сабе здабудзе,
  
  Лічыць сябе найшчаслівейшым пэўна будзе.
  
  Шчаслівы той гародчык слаўны і багаты,
  
  Дзе так цудоўна, пышна, ружа, расцвіла ты!
  
  І самы шчаслівейшы той, чыёй ты будзеш,
  
  Бо ў ім раскошы ты нябесныя разбудзіш,
  
  Даступныя анёлам толькі. Той, чыя ты,
  
  Ці зможа ацаніць скарб гэтакі багаты?
  
  Каб гэта кветачка ў мае папала рукі,
  
  Набок пайшлі б і клопаты, й дакукі.
  
  Каб бачыць мне цябе, ўдыхаць твой пах салодкі,
  
  Пясціць твае лісточкі даланёй дрыготкай,
  
  Душу кіпучую займаць адной табою!
  
  Ах! шчасця гэткага хвіліну ўсім сабою
  
  Стараўся б акупіць. За момант гэты мілы
  
  Ахвотна б лёг я ў глыбіню магілы!
  
  (Сядаючы, стомлены, пасля невялікага перапынку гаворыць.)
  
  Кіпучым пачуццём зламаны,
  
  Упрошваю цябе ў пакоры:
  
  Ты дай адказ мне скоры,
  
  Ці я табой каханы?
  
  (Узрываецца і ў найвялікшым хваляванні гаворыць.)
  
  А яна — ўспамін цудоўны!
  
  Калі ў момант наш бязмоўны
  
  Ёй змуціла слёзка вочы,
  
  З сарамлівасцю дзявочай
  
  Мне шапнула: Ша! Цікавы
  
  (пасля слова «ша» — доўгі перапынак, пазірае, ці хто
  
  за ім не сочыць)
  
  Тут мяне падслухаць можа,
  
  Таямніцу ж душ пачуўшы,
  
  Для людской мо дзе забавы
  
  Выбалбача, не дай Божа!
  
  Бо і дрэвы ж маюць вушы.
  
  (Пераконваючы.)
  
  А я ў момант прамяністы
  
  Прысягнуў ёй урачыста
  
  Ушаноўваць таямніцу
  
  З той прычыны, што дэвоткі
  
  Гэтак падкія на плёткі,
  
  Маглі б сплесці небыліцу.
  
  А калі б ёй крыўдна стала,
  
  Дык мяне б мо дакарала.
  
  (З насмешкай і разам з жалем.)
  
  Ха, ха, ха! І што мне шкодзіць?
  
  Так ёй і трэба, хай не зводзіць.
  
  (З перакананнем.)
  
  Мне нявер’е! Няўжо рада,
  
  Што так смуткам напаіла
  
  І ў нявер’і абвініла?
  
  (Штораз жвавей.)
  
  Ці ж ўва мне жыць можа здрада,
  
  Калі сэрца так палае,
  
  Кроўю плешчацца, канае?
  
  З яе ж прычыны тыя мукі.
  
  Хто шчасця жджэ на гэтым свеце,
  
  Няхай не верыць жа кабеце,
  
  Бо гэта — злосныя гадзюкі!
  
  (Нібы расказваючы.)
  
  Сягоння марыць, любіць цябе быццам,
  
  Бо тваё каханне ўтраціць мо баіцца,
  
  І раптам іншы хтось на вочы пападае,
  
  Душу і сэрца скрывіць, думкай заўладае,
  
  І вось яна зрачэцца дружбы і кахання
  
  І абмінаць цябе аж за паўмілі стане!
  
  І сэрца, што гарэла, зябне, як у гада,
  
  Бо нават роспачы тваёй мо рада.
  
  Ёй слёзы нечыя нічога ўжо не значаць,
  
  Памры хоць перад ёй, не ўбачыць,
  
  З усмешкай сядзе ля фартэпіяна
  
  Ці для грызмол, якім цяпер яна аддана,
  
  Забудзе пра цябе і пра твой плач забудзе!
  
  І мудра, растаропна будзе
  
  Расказваць весела паміж смяхотаў
  
  Гісторыю пра гугенотаў,
  
  Падпіша для Сцюарт дэкрэт аб смерці,
  
  Пакажа люд ці чалавека разарваць на чвэрці.
  
  З усмешкаю на вуснах, з позіркам у вочы
  
  Або прыняўшы выгляд мілага ягнятка,
  
  Прадасць сяброў, каханка без астатка
  
  І ў танец выскачыць дзявочы!
  
  Сягоння на таго, хто праз яе марнее,
  
  Глядзіць, смяецца і не чырванее,
  
  А заўтра дзеля марнасці, драбніцы
  
  Пра край, народ і веру можа ўміг забыцца,
  
  А дзе ж ваш ідэал, імкненні, мэты,
  
  Што ў Танскай вы чыталі, о кабеты?
  
  Дзе ўсё, чаго ад вас так ждуць народы?!
  
  Учынкі добрыя для блізкіх асалоды?
  
  І абавязкі, нібы боскія жанчыны-маці?
  
  Уплыў ваш добры дзе на мужа, сына, брата?
  
  Дзе сэрца, што сірочай доляю занята?
  
  Дзе спосаб даць навуку добрую дзіцяці?
  
  Паэтаў нашых ідэалы,
  
  Нябесныя жыхаркі —
  
  Ўсё так пазнікала,
  
  Як пухірочак лёгкі, яркі.
  
  (Сядае і, уздрыгваючы ад холаду і знясілення,
  
  пасля невялікага перапынку гаворыць.)
  
  Але што мне за справа,
  
  Мая навука,
  
  Красамоўства штука,
  
  Пераканаць усіх ці ж мае права?
  
  (Разглядваецца з задавальненнем.)
  
  Вось лепш разгледзьмася ў маёй сялібе:
  
  Тут буду думаць, сеўшы на скал згібе,
  
  Вось тут мой самаўладны трон быць можа,
  
  А тутка — адпачынку ложа.
  
  (Зручна расцягваецца на скале.)
  
  Ах, як мне зімна! Хоць палае
  
  Маё нутро, боль галаву ламае.
  
  Ах! каб ахаладзіцца
  
  Падаў мне хто вадзіцы!
  
  (Засоўваючы руку за пазуху.)
  
  Вось тут палае ўсё агнямі,
  
  Нібы каршун упіўся кіпцюрамі.
  
  (Трапляе на торбачку, павешаную на шыі, і вымае яе.)
  
  А гэта што? Ага! — атрута!
  
  (Узрываецца і ўсхвалявана гаворыць.)
  
  Як ўспамін-пакута!
  
  Прэч, прэч ад майго цела!
  
  Ты, гадзіна, крыві маёй хацела.
  
  (З жалем і вялікім пачуццём.)
  
  Я грэў цябе, трымаў на ўлонні,
  
  Пры сэрцы грэў цябе агонь мой,
  
  А ты мяне даводзіш да адчаю.
  
  Прэч! я тапчу цябе! Табой я пагарджаю.
  
  (Топча нагамі. Доўгі перапынак, пасля, гаворачы з жалем, бярэцца за галаву, потым — за сэрца.)
  
  Ох, як жа цяжка, як тут ные!
  
  (Упрошваючы, гаворыць наступны ўрывак
  
  і неспакойна шукае за пазухай.)
  
  Дайце ж мне кроплю вадзіцы
  
  Ці перлачку свежай расіцы
  
  На смагі маёй пагашэнне,
  
  Але ж іх сэрцы стальныя,
  
  Стаў я іх кпінаў мішэнню,
  
  І кажуць, што я шалёны.
  
  Ды што гэта? Дзе ж загубіўся
  
  Той падарунак, з якім я так зжыўся,
  
  Знак мой надзеі — лісточак зялёны?
  
  (Прыпамінаючы.)
  
  Праўда, у прыступе жалю
  
  Задатак кахання той з балю
  
  Я кінуў тут, як што благое,
  
  І затаптаў сваёй нагою.
  
  (Шукае.)
  
  Ён на зямлі, напэўна, дзесьці.
  
  (Падымае.)
  
  Ты мне прабач, слязой нарэшце
  
  Абмыю я цябе, разгладжу
  
  І зноў ля сэрца так збалелага прыладжу.
  
  (Сядае і, выняўшы з торбачкі лісток ружы,
  
  цалуе яго з пачуццём і прадаўжае.)
  
  Я помню, напярэдадні дарогі,
  
  Калі ў яе ступіў парогі
  
  З патрэбай развітання,
  
  З той сарамлівасцю анёла,
  
  Нібы гуляючы з духмяных руж пучочкам,
  
  Сарвала з кветкі лісцік кволы
  
  І там абдаравала гэтым вось лісточкам.
  
  Шчаслівы й вельмі ўдзячны я прыйшоў дахаты
  
  І ў небывалым упаенні,
  
  У новым радасным натхненні
  
  Падзякаваў ёй песняю крылатай.
  
  (З сумнай усмешкай.)
  
  Ці песні, што мной валадарыць,
  
  Цяпер у смутку адзінокім
  
  Я не забыўся ненарокам?
  
  Спрабуйма ў струны лютні ўдарыць.
  Песня
  
  О, лісточак мой духмяны,
  
  Радасць ты мая,
  
  
  
  Ён жа мне на памяць даны.
  
  Прысягаю я!
  
  Што якія б ні глумілі
  
  Беды і грамы,
  
  Ты мне сябра і ў магіле
  
  Будзем разам мы.
  
  А як траплю ў пераплёты,
  
  У зменлівасцяў рой,
  
  Саладзі жыццё маё ты,
  
  Душу ў сілу ўзброй.
  
  І, як час у сэрцы меціць
  
  Памяць даўніх дзён,
  
  Так няхай мне свет твой свеціць,
  
  Боль хай сцішыць ён.
  
  А як я змагацца стану
  
  У цяжкім баі,
  
  Ты, як гоіш сэрца рану,
  
  Так і ўсе гаі.
  
  Калі ж злягу на загоне
  
  Між чужых ваяк,
  
  На яе зляці улонне,
  
  Шапні ў вушка так:
  
  Праз усе хвіліны, далі
  
  Быў з табою ён,
  
  Дык няхай жа слёзка жалю
  
  Той абмые скон.
  
  Застанешся ёй на ўлонні
  
  Саладзіць боль, зной.
  
  Суцяшаць па маім сконе
  
  Будзеш, лісцік мой!
  
  (Другі раз паўтараючы апошняе чатырохрадкоўе, у палавіне апошняга радка спыняецца і пасля кароткага роздуму, узарваўшыся з месца, з шаленствам гаворыць.)
  
  Ах, гад! Яшчуркава племя!
  
  Сваім атрутным духам,
  
  Прывабным, чулым смехам, рухам,
  
  Абдымкам, спешчанаю мовай
  
  Вядзеш да бездані штораз, то новай
  
  І невыноснае жыцця бярэмя
  
  Смяротным робіш. Ветрагонка,
  
  Ты здраднае маны сястра ці жонка!
  
  Чакай, скупаная ў атруце,
  
  Перамагу я ўсё ж свае пачуцці
  
  І так, як Бог мне мілы,
  
  Расказваць буду з усёй сілы,
  
  Што здрадная ты, што была ты гэткай,
  
  Сама сябе кахаеш
  
  І літасці не знаеш,
  
  Што ты какетка! так, какетка!
  
  (Апамятаўшыся.)
  
  Ціха, шум якісь мне ў вуха
  
  Даляцеў, мо хто падслухаў
  
  Майго адчаю мовы
  
  І вось ужо гатовы
  
  Аб’яўляць па цэлым свеце?
  
  (Упрошваючы.)
  
  Ах, вы ж знаеце, не верце,
  
  Я ж шалёны, я прыдумаў
  
  І праз злосць чарніць уздумаў.
  
  (Убок, з адчаем, мова перарываная, як у слабога чалавека.)
  
  Не выдам тайны я ніколі.
  
  Я ўсіх выведу ў поле:
  
  Яны ж кажуць — я шалёны,
  
  Дык не будзе мне і веры.
  
  (З развагай і заклапочанасцю.)
  
  Благі мой учынак гэты,
  
  Бо хто чэрніць вас, кабеты,
  
  Пакарання варт без меры.
  
  (Пасля перапынку слабым і перарывістым голасам.)
  
  Ах, як жа я стаміўся!
  
  Мне слаба... паліць штосьці грудзі;
  
  (з рукой на грудзях)
  
  І цёмнай... ночы... павалока
  
  Ужо мне... засланяе вока;
  
  Каб мне вады... падалі... людзі!
  
  (Хістаецца, абапёрты да дрэва.)
  
  Ужо ідуць... сябры... я чую...
  
  Запозна ўжо... хачу я...
  
  (Падаючы на зямлю.)
  
  Ужо... халоднай... смерці... вось такая,
  
  Што мне... душу з улоння... выціскае.
  
  (Вобмацкам дастае з торбачкі лісток.)
  
  Хадзі сюды, ліс... точак... мілы!
  
  Дзя... ліў ты... лёс са мной... даваў мне сілы...
  
  (Найслабейшым голасам, цяжка дыхаючы.)
  
  Дык... да... апош... няе... міну... ты...
  
  Дзялі... са... мной... мае... паку... ты.
  
  Бо ты ж... мой ся... бра і ў... магіле
  
  Не... рас... та... не... (Памірае.)
  Канец меладрамы
  
  1845-1854?
  Тэкст падаецца паводле выдання: Дунін-Марцінкевіч, В. Збор твораў. У 2 т. Т. 1. Драматычныя творы, вершаваныя аповесці і апавяданні / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч; уклад. з тэкст. падрыхт., прадм., перакл. і камент. Я. Янушкевіча. - Мінск : Маст. літ., 2007. - С. 204-247
  Крыніца: скан
  
  Можа вас зацікавіць : Канстанцыя Буйла. Роздум
 Ваша оценка:

Связаться с программистом сайта.

Новые книги авторов СИ, вышедшие из печати:
О.Болдырева "Крадуш. Чужие души" М.Николаев "Вторжение на Землю"

Как попасть в этoт список

Кожевенное мастерство | Сайт "Художники" | Доска об'явлений "Книги"