Аннотация: Глава 1-я (дзеля азнаямленьня з творам), аматарскi пераклад з польскай на беларускую
РАЗЬДЗЕЛ 1
ДАРЭМНЫЯ
Калi вясковая дзяўчына прадстаўляецца, то паведамляе iмя, прозьвiшча, назву вёскi, зь якой паходзiць, а таксама кажа, наколькi вялiкая iхная сям'я й бацькаўская гаспадарка. Дзьве апошнiя зьвесткi скажуць нам пра ейнае становiшча найбольш. Знаёмячыся з дачкой гаспадара, у якога шэсьць дзяцей й тры моргi*1, мы ўжо ведаем: яны церпяць голад. Iхную гаспадарку адмыслоўцы ў эканомiцы называюць карлiкавай, то-бок непрадуктыўнай, недастатковай, каб пракармiць сям'ю.
Што мела бы тут рабiць падрастаючая дзяўчына? Дзiцём яна пасьвiць гусей або кароваў. А як падрасьце, робiцца зусiм бескарыснай. Больш таго: абцяжарвае гаспадарку, бо трэба яе кармiць, а няма чым.
Цi так нарадзiлася слова дармаед? Не. Для такiх, як яна, эканамiсты прыбераглi больш элегантны тэрмiн, але разам з тым брутальны: дарэмная. Няма для яе працы, значыць няма для яе ежы. Яна дарэмная. Трэба яе як мага хутчэй выдаць замуж. Хiба што сама ўцячэ ў горад, найчасьцей у наймiчкi. Або ў батрачкi ў Францыю, Бэльгiю, Нямеччыну.
У мiжваеннай Польшчы 64 адсоткi гаспадарак на вёсцы лiчылiся недастатковымi, а 40 адсоткаў вясковых жанчынаў - дарэмнымi.
Жыхаркi малапольскага Бажэнцiна на заробках у Нямеччыне, у баўэра*2
У 1936 годзе ў Дзiкоўцы зьяўляецца апытвальнiк. Яго цiкавяць малыя гаспадаркi, дакладней тыя, што завуцца карлiкавымi. Гаспадарам, якiя прымаюць яго пад свой дах, ён задае аднолькавыя, скрупулёзныя пытаньнi: Што яны ядуць? Як жывуць? Якiм рыштункам валодаюць? Якiх жывёлаў гадуюць? Ува што апранаюцца?
Або, кажучы папросту: як даюць рады з жыцьцём.
Дзякуючы гэтаму мы зазiрнем ў сялянскiя халупы на поўднi Польшчы амаль стогадовай даўнiны. Будзе гэта прыкры вiзыт.
Дзiковец - досыць вялiкая вёска на Падкарпацьцi: каля двухсот сялянскiх гаспадарак, зь якiх звыш паловы - гаспадаркi малыя й вельмi малыя. Найблiжэйшы горад - Калбушова - знаходзiцца на адлегласьцi ў шэсьць кiлямэтраў, паблiзу няма нiводнай фабрыкi, а значыць няма магчымасьцi заробку. Падзарабiць можна, пайдучы "на панскiя" на суседнi двор або кiруючы фурманкай. Жанчыны выплятаюць кошы.
Апытвальнiка прымае сям'я гаспадара Т.В. Яму трыдццаць чатыры гады, ёй - трыццаць адзiн. Абое скончылi чатыры клясы народнай вучэльнi, выхоўваюць двух дзяцей: сямi й пяцi гадоў з роду. На сваiх трох моргах вырошчваюць жыта й бульбу, гадуюць карову, цялё й шэсьць курэй. Жывуць у драўляным доме, крытым саломай, але ўласна жытлом служыць адзiн пакоi пяць на пяць мэтраў. Другое памяшканьне - то абора.
На адну асобу - занатоўвае апытвальнiк - прыпадае 5,1 квадратнага мэтру, пакой ня мае падлогi (глiна), два вокны памерамi 102 на 80 сантымэтраў нiколi не расчыняюцца.
Седзячы на адным з двух крэслаў, што належаць сям'i, апытвальнiк перапiсвае астатнiя прадметы ў доме:
два ложкi
адзiн стол
чатыры лавы
адзiн столiк
палiца
гадзьдзiньнiк
восем абразаў рэлiгiйных у дрэнным стане
На гэтым усё.
Затым пытае сям'ю пра гiгiену:
- Цi водзяцца ў памяшканьнi паразыты (клапы, прусакi й да т.п.)?
- Цi практыкуецца сумеснае спаньне, напр. дзяцей?
- Колькi асобаў сьпiць разам?
- Цi практыкуецца спаньне на зямлi й да т.п.?
- Цi практыкуецца спаньне ў гаспадарчых будынках улетку, узiмку?
- Колькi разоў кожны з чальцоў сям'i мыецца у летнюю пару? А ў зiмовую?
У доме сям'i В. нiхто на зямлi ня сьпiць. Затое на печы сьпiць так званая камарчыха. Так мянуюць тых, хто ня мае свайго дому. Дзевяностагадовая жанчына, будучы дарэмнай, тулiцца па чужых людзях. Дапамагае зь дзецьмi ў абмен на кут для спаньня. У Дзiкоўцы яна атрымала сапраўдны кут, на печы.
Але дом сям'i В. - гэта ня толькi сыпяльня й кухня, гэта яшчэ й шавецкая майстэрня, бо мужчына падзарабляе, робячы боты. Утрымлiваюцца тут таксама куры. Дамачадцы не павiнныя аднак скардзiцца: два ложкi на сям'ю з чатырох чалавек - гэта ўжо нешта.
Дачка ўдаўца з-пад Кракаву, народжаная ў 1917 годзе, будучы падлеткам, сьпiць у адным ложку з двума братамi. "Я ў галовах, а браты ў нагах - згадвае яна. Але паводле чаго вызначалася, дзе галовы, а дзе ногi, гэтага я ня ведаю, бо на нiводным канцы падушкi не было, толькi рызманы". Яшчэ адзiн ейны брат сьпiць у ложку з бацькам, а астатнiя два - на нарах у стайнi.
Ядзьвiга Шкраба, народжаная ў курнай хаце ў бяскiдзкiм Адэрне, яшчэ ў 1923 годзе дзiцём уцякае з дому ад зьедлiвага дыму. "У нас не было комiну, а толькi складзеная з плоскiх камянёў топка. Так нам той дым дакучаў, што спаць я хадзiла зь сястрой у стайню, дзе пад стольлю быў зроблены насьцiл з дошак, ну й мама казала, што там цяплей, чым у пакоi, бо туды зносiўся гной ад адзiнай каровы, якая ў нас была".
Грамадзкiя работнiцы хапаюцца за галовы.
"Сям'я жыве ў вёсцы пераважна ў адным пакоi, у якiм месьцiцца ад 6 да 12 чалавек - у тым лiку хворыя й старыя, якiя спраўляюць патрэбу ў вядзёрка й на сяньнiк". Ложкаў - 2-3, калыска, лавы ля печы, куфэркi - гэта тое, што замяшчае ложкi. Старыя сьпяць на адным з ложкаў, беручы кагось з унучкоў у ногi, упоперак ложка, гэта значыць тры асобы на адным ложку - i дзiцё мае цэлую ноч пры твары ногi пажылых людзей, часта ня вельмi чыстыя! Другi ложак займаюць бацькi, таксама нярэдка з адным дзiцём. Якая ж тут выгода? Калi я зьвяртаю на гэта ўвагу, чую заўсёды адзiн адказ: "мы ўжо так прывыклi". Трэцi ложак займаюць дзецi рознага ўзросту й часта рознага полу. Сьпяць сёстры з братамi розных год з роду - тут уже не вядзецца аб выгодзе, а аб чымсьцi куды важнейшым!" - пiша Зоф'я Качыньская у 1929 годзе ў часопiсе "Перадавiк".
А доктар Уладзiслаў Хадэцкi прадпiсвае: "Вясковы люд павiнны адвучыцца ад спаньня па некалькi чалавек у адным ложку, ад спаньня ў адзёжы, ад рэдкай зьмены бялiзны на сабе й у ложку й ад мыцьця вадой, выпусканай з рота".
Тым часам апытвальнiк у Дзiкоўцы прыглядаецца да гардэробу дасьледуемай сям'i. Жанчына пералiчвае ўсё, чым валодае:
тры кашулi
адна пара майткаў
адна пара панчохаў
дзьве блюзкi (сьвяточныя)
адна спаднiца (на штодзень й для сьвята)
адна пара чаравiкоў
хуста для пакрываньня ў зношаным стане
тры хусткi на галаву
Адзёжа жанчыны каштуе 21,30 злотых.
Сярэднi заробак мужчыны ў Польшчы ў 1936 годзе складае250 злотых. Падзёншчыца ў фальварку працуе за няпоўны злоты ў дзень.
Калi казаць пра мужа, то апытвальнiк выяўляе, што той валодае:
кашуляй i парай кальсонаў уласнага вырабу
адным "гарнiтурам" уласнай працы, а таксама адзiн сьвяточны
(апытвальнiк не паведамляе, што азначае двухкосьсе, але можна здагадацца, што той пашыты на ўзор панскага, але ж застаецца сялянскiм)
зношаным кажухом
дзьвюмя парамi чаравiкоў (на штодзень i для сьвята)
шапкай на штодзень
капялюшам для сьвята
Адзёжа мужчыны каштуе 25,50 злотых, то-бок на чатыры зь лiшкам злотых больш, чым жанчыны. Мужчына мае дзьве пары ботаў. Як уладжвае справы, рэпрэзэнтуе, палiтыкуе, то ягоныя выхады ў сьвет важнейшыя. Жанчыне досыць адной пары. Боты ёй патрэбныя перадусiм затым, каб пайсьцi ў касьцёл i на кiрмаш.
Няблага было б ведаць, як сёньня, праз больш за восемдзясят гадоў, жывуць нашчадкi сям"i В. Вельмi праўдападобна, што iхныя ўнукi ўсё яшчэ пражываюць у Дзiкоўцы, а можа нават i дзецi? Хто яны? Чым яны займаюцца? Цi паклала бяда iхных дзядоў адбiтак на далейшых лёсах роду i, калi паклала, то ў якi спосаб? Карыстаючыся падказкай, што Т.В. быў шаўцом, я спрабую iх адшукаць. Быць можа, людзi ўзгадаюць, бо ў прыкарпацкiх вёсках людзi жывуць з рода ў род. Мырыян Пёрэк, гiсторык i былы дырэктар тамтэйшай школы, прагледжвае для мяне хрысьцiльныя кнiгi й шлюбныя акты, аднак Т.В. не знаходзiць. А цi нельга выявiць, хто ў Дзiкоўцы быў шаўцом? "У Дзiкоўцы перад другой сусьветнай вайной, т.б. перад 1939-м у вёсцы дзецi хадзiлi босыя вялiкую частку года, незважаючы, што шаўцамi падзараблялi кал. 20 сялянаў" - адказвае на мой лiст Марыян Пёрэк.
Дваццацi? Тры пары ботаў у сям'i, а шаўцоў у адной вёсцы дваццаць? Навошта?
Кустошка Агнешка Грабоўская ў вялiзных, душных сховiшчах Варшаўскага этнаграфiчнага музэю адчыняе велiчэзную шуфляду. Мы залазiм на драбiнкi, бо шуфляда з надпiсам "Боты" знаходзiцца ўгары, i ў ёй корпаемся.
Шмат сялянскiх сем'яў ня могуць дазволiць сабе боты для дзяцей, а, як надыходзiць восень, больш ужо нельга хадзiць басымi. Палiцыя ў Станiслававе раздае боты бедным дзецям, 1937 год
Я выцягваю наўдачу, лiчучы, што знайду жаночыя, i сапраўды: чаравiчкi, чоўнiчкi, амаль усе чорныя. Я нiколi ня бачыла так моцна палатаных ботаў, не чакала, што ўвогуле мажлiвае так лютае змаганьне за працягненьне жыцьця абутку. Але ж старых, зьнiшчаных ботаў было так шмат, што яны мелi ўласную назву: харболы. Верагодна, усе шаўцы ў Дзiкоўцы прынамсi раз папраўлялi адзiн i той жа бот. Тым часам ва ўспамiнах Гжэгаша Зэлка пра сямейнае гаспадарства ў ваколiцах Новага Сонча можна знайсьцi такую iнфармацыю: "Дзед прыгадваў, што разам з братамi яны мелi толькi адзiн камплект добрага ўбраньня й толькi адну пару ботаў, у якiх хадзiлi напераменку. Ксёндз Уладзiслаў П'ёнтэк паведамляе на падставе парафiяльных кнiгаў, што адна пара ботаў служыла жыхарам дому ў сярэднiм цягам 10-цi год". Для сялянаў боты - знак годнасьцi. Але для нашых гераiняў боты - гэта яшчэ й iншая справа. Для iх боты азначаюць вольнасьць.
Заўвагi:
*1 Морг - старая зямельная мера (0,71 гектара).
*2 Баўэр - багаты селянiн, звычайна нямецкага паходжаньня