ФАЛЬСКI Усевалад [1886 або 1887 - ?], дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху, акцёр. Адзiн з арганiзатараў бел. прафесiйнага тэатра. Старшыня Першага беларускага таварыства драмы i камедыi. Першы бел. савецкi мiнiстр замежных спраў. Улетку 1919 апынуўся сярод расстрэльных заложнiкаў, якiх чэкiсты вывезлi ў Смаленск пры адступленнi бальшавiкоў. У вер. 1921 зноў арыштаваны i прысуджаны да расстрэлу, потым замененага турэмным зняволеннем. Вызвалены ў 1923. Са снеж. 1925 жыў у Кiеве. Далейшы лёс невядомы.
Лiт.: Селяменеў В., Скалабан В. Тры лiсты Усевалада Фальскага // Тэатральная творчасць. 1996. ? 6; Касинская А., Крапивин С. Визит дамы // Народная газета. 1997. 11-13 кастр.; Стужынская Н. Беларусь мяцежная. Вiльня. 2000. С. 110-112.
ФАМIН Сяргей Уладзiмiравiч [29.4(12.5).1906, в. Пепелеўка Мсцiслаўскага пав. Магiлёўскай губ., цяпер Манастыршчынскi р-н Смаленскай вобл., Расiя - 4.12.1941, Ярэга, Комi АССР], паэт. Паходзiў з сям'i вясковага настаўнiка. Скончыў Мсцiслаўскую сямiгодку. Яшчэ школьнiкам дасылаў карэспандэнцыi ў мясцовыя газеты. У 1925 скончыў Магiлёўскi педтэхнiкум. Два гады настаўнiчаў на Барысаўшчыне, потым паступiў на лiтаратурна-лiнгвiстычнае аддзяленне педагагiчнага ф-та БДУ, якое скончыў у 1930. Першы верш Ф. апублiкаваны ў 1924 у газ. 'Соха и молот'. З 1925 пiсаў па-беларуску. Тады ж быў прыняты ў 'Маладняк'. Публiкаваўся ў час. 'Маладняк', 'Полымя', 'Маладняк Барысаўшчыны'. Пасля расколу 'Маладняка' ўваходзiў у 'Пралетарска-сялянскую беларускую лiтаратурную суполку' ('Проблiск'; лiп. 1927 - студз. 1928). Перакладаў з украiнѓскай мовы вершы У.Сасюры. Вершы Ф. перакладалiся на ўкраiнскую i рускую мовы. У 1927 асобным выданнем выйшла яго паэма 'Балота'. У 1929 падрыхтаваў да друку кнiгу вершаў 'Дымнае жыта', якая тады не была апублiкавана. З 1930 творчая актыўнасць Ф. рэзка знiзiлася, ён амаль перастаў пiсаць i друкавацца. У друку з'явiлiся разгромныя рэцэнзii на яго паэзiю. Выкладаў бел. i рускую мову i лiтаратуру ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэмii. Арыштаваны 4.1.1935. У маi 1935 прыгавораны да расстрэлу, замененага 10 гадамi паѓзбаўлення волi. Накiраваны ва Ухтпячлаг НКВД у Комi АССР. Вывучаў там iтальянскую мову, завучваў вершы А.Дантэ ў арыгiнале. Працягваў пiсаць у зняволеннi; некаторыя вершы занатоўваў у лiстах да родных. Паўторна арыштаваны ў лагеры; 2.10.1941 прыгавораны да расстрэлу.
ФIЛIСТОВIЧ Янка [14.1.1926, в. Паняцiчы Вiлейскага пав. Вiленскага ваяв., цяпер Вiлейскi р-н Мiнскай вобл. - 1953?, Мiнск, МДБ], удзельнiк антысавецкага руху, публiцыст. Вясной 1943 мабiлiзаваны ў 13-ы Беларускi батальён (Вiлейка, Мiнск). Перад прыходам Чырвонай Армii выехаў у Германiю. Пасля сканчэння вайны перабраўся ў Францыю. Вывучаў гiсторыю ў Сарбоне (Парыж) i Лювэнскiм ун-це (Бельгiя). Выдаваў час. 'Моладзь', быў адным з лiдэраў Беларускай незалежнiцкай арганiзацыi моладзi ў Францыi (утворана на з'ездзе 26.3.1949). З 11.3.1951 сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi, упаўнаважаны прадстаўнiк урада БНР. Удзельнiчаў у дэсанце, якi быў закiнуты з дапамогай амерыканцаў 9.9.1951 на Маладзечаншчыну. Праз сваяка П.Куляша Ф. ўдалося наладзiць сувязь з групай С.Мiкулiча, якая складалася з 5 чалавек i дзейнiчала на тэрыторыi Iльянскага р-на з 1949. Неўзабаве Ф. узначалiў гэтую групу. 5.9.1952 аператыўна-ваенiзаванай групай МДБ БССР была праведзена аперацыя па лiквiдацыi групы. Ф. ўдалося ўцячы, i ён меркаваў перайсцi мяжу з Польшчай, але 9.9.1952 быў схоплены ў вынiку здрады. У в. Ярмолiчы Маладзечанскага р-на Ф. арыштавала група мясцовай управы МДБ. Прысуджаны ваенным трыбуналам Беларускай вайсковай акругi да смяротнага пакарання. Супраць сваякоў Ф. i тых, хто дапамагаў яму, былi праведзены рэпрэсii.
Лiт.: Лукашук А. Фiлiстовiч. Вяртаньне нацыяналiста. Мн., 1997; Валахановiч I. Барацьба вакол iдэi 'беларускай незалежнай дзяржавы' (другая палова 40-х - пачатак 50-х гг.) // Беларускi гiстарычны часопiс. 1999, ? 1; Думбляўскас Ю. Янка Фiлiстовiч // Антысавецкiя рухi.
ФЯЛIНСКАЯ Ева [Felińska; 26.12.1793, в. Узнога Слуцкага пав. Мiнскай губ., цяпер Клецкi р-н Мiнскай вобл. - 20.12.1859, Луцкi пав.], пiсьменнiца, мемуарыстка, удзельнiца вызваленчага руху. Атрымала хатнюю адукацыю ў сям'i багатых сваякоў. Аўтар аповесцей 'Пляменнiца i цётка', 'Пан дэпутат' (1834), у якiх каларытна апiсала жыццё бел. шляхты. У сярэдзiне 1830-х г. далучылася да тайнай арганiзацыi Ш.Канарскага 'Садружнасць польскага народа' (узнiкла ў 1835), стварыла фiлiял арганiзацыi 'Жаночае таварыства'. Арыштавана 19.7.1838. Саслана ў Бярозаў (цяпер Цюменская вобл.), дзе знаходзiлася на працягу 1839-41, потым у Саратаў (1841-44). Знаходжанне ў ссылцы апiсала ў 'Дзённiку...' (апублiкаваны ў вiленскiм час. 'Athenaeum', 1846). Паводле сведчання крытыкi, 'Дзённiк...' стаў упрыгожаннем часопiса. Пасля ссылкi актыўна займалася лiтаратурнай творчасцю; аўтар аповесцi 'Герсылiя' (1849) i 'Успамiнаў аб жыццi' (1856, 1859-60). 'Успамiны...' з'яўляюцца найбольш каштоўным творам па гiсторыi нораваў у Беларусi, Лiтве, на Валынi канца XVIII - пачатку XIX ст.
Тв.: Wspomnienia z podróży do Syberyi, pobytu w Berezowie i w Saratowie. T. 1-3. Wilno, 1852-53; англ. пераклад К.Ляха Шырмы. L. 1852-54; дацкi пераклад - Капенгаген, 1855.
Лiт.: Мальдзiс А. Падарожжа ў ХIХ стагоддзе. Мн., 1969. С. 188-191; Грицкевич В. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 185-203, 298; АЗБ.