Аннотация: Перевод выполнен с дозволения и благословения автора Антона Дыбова, данного оным в послесловии к опусу своему.
Частка 1.
Беларусь. Верасень 2041 года.
1.
У галоўнай зале дзяржаўных паседжанняў Адмiнiстрацыi прэзiдэнта на вулiцы Карла Маркса 32 сабралася незвычайна шмат людзей. За велiзарным круглым сталом сядзелi ўсе вышэйшыя чыны дзяржаўнай улады: мiнiстры, кiраўнiкi сiлавых структур, амбасадары i дараднiкi. Каля сцяны тоўпiлiся вымуштраваныя журналiсты дзяржаўных тэлекампанiй, за якiмi зорка сачыў прэс-сакратар.
Крэсла прэзiдэнта рэспублiкi было пустое. Велiзарны герб Беларусi ззяў над iм золатам у прамянях крыштальных люстраў. Справа па крузе, на прыкметнай дыстанцыi ад пустога крэсла сядзелi трое сыноў кiраўнiка: старэйшы Георгiй, Раман i малодшы - Мiкалай. Злева на гэткай жа адлегласцi: кiраўнiк адмiнiстрацыi, прэм'ер-мiнiстр i старшыня Камiтэта дзяржаўнай бяспекi.
У зале стаяў цiхi гуд - людзi шапталiся. Усё чакалi прэзiдэнта.
- Маладыя асобы, вялiкая рэдкасць ў апошнiя гады. У вас новыя намеснiкi? - шапнуў кiраўнiк адмiнiстрацыi сiвавалосаму генералу, якi ўжо шмат гадоў узначальваў КДБ.
- Прыроду не падманеш. Эпоха сыходзiць, - уздыхнуў генерал i кiўнуў на маладую жанчыну ў мундзiры палкоўнiка, што сядзела на дальнiм канцы стала. - Ганна. Вучылася ў Нямеччыне, выдатнiца i разумнiца, блiскучая кар'ера ў нашай сiстэме. Курыруе iнфармацыйную бяспеку, сацыяльныя сеткi, iнтэрнэт...
- А другi? - спытаў кiраўнiк адмiнiстрацыi, гледзячы на другога намеснiка - станiстага палкоўнiка гадоў трохi за трыццаць.
- Мiкiта? Ён з простых, але адданых. Як дварняк. Пляменнiк мой. Пачынаў у Бабруйску, потым я яго забраў да сабе. Правёў яго ад радавога да палкоўнiка. Яму я магу давяраць, як сабе самому. Яны з Ганнай як дзве мае рукi, - прашаптаў генерал.
- Прадчуванне ў мяне дрэннае, - умяшаўся ў гутарку прэм'ер-мiнiстр. - Калi вось так, без позвы дня, без пратаколу... Нядобра.
- Я таксама такога не ўзгадаю... Задумаў нешта, - прагаварыў кiраўнiк адмiнiстрацыi.
Дзверы ў залу паседжанняў адчынiлiся. Спачатку ўвайшлi двое целаахоўнiкаў. Усё ўсталi. Усталявалася поўная цiшыня.
Прэзiдэнт Беларусi марудлiва ўвайшоў у залу. Яму было 87. З часоў сваiх першых тэрмiнаў ён моцна змянiўся: амаль цалкам аблыселы. Замест пасмаў, якiя некалi прыкрывалi лоб - толькi велiзарная, маршчынiстая, у старэчых плямках лысiна. Сiвыя вусы сталi радзейшыя, але даўжэйшыя, а на адрузлых шчоках серабрылася неахайнае шчацiнне. У шыраце плячэй яшчэ чыталася былая моц, але зараз яны, як цяжкiя вярыгi, цягнулi ўсё цела да зямлi, скручвалi яго. Ён iшоў да свайго крэсла, а ўсе стоячы чакалi, пакуль ён зойме месца.
Прэзiдэнт сеў на крэсла, акiнуў прысутных арлiным позiркам маленькiх вачэй i нядбайным жэстам дазволiў сесцi. Зашамацелi. Стары паглядзеў на паперку, якую сцiскаў у дрыготкай руцэ, але раптам адклаў яе.
- Ужо паўстагоддзя я кiрую гэтай зямлёй. Скажу як было, я прыняў Беларусь у разрусе i галечы. Прадпрыемствы стаялi, грошы абясцэньвалiся штодня, у нас не было нi ежы, нi рэсурсаў. Кожная зiма пагражала абярнуцца катастрофай, таму што не было чым плацiць за газ. Беспрацоўе... Разруха... Адчай... Адчужэнне... Мы засталiся адны... Без сяброў, без падтрымкi. У самыя цяжкiя часы. Нас спрабавалi паставiць на каленi... Пазбавiць свайго шляху развiцця. Нахiлiць i знiшчыць... Вы гэтага ўжо не ўзгадаеце, але я памятаю вельмi добра. Мы ўсё кацiлiся ў бездань. I само iснаванне такой краiны - Беларусь... Рэспублiка Беларусь... Дзяржавы ў Цэнтры Еўропы... Было пад пытаннем, - словы давалiся яму не так лёгка як раней. У голасе не было ўжо той харызмы, якая гiпнатызавала народ, прымушаючы яго праседжваць гадзiнамi каля экранаў тэлевiзараў, але сiла яшчэ заставалася. Усе слухалi старога кiраўнiка затаiўшы дыханне. - Я прыйшоў у прэзiдэнты з простых людзей. Быў селянiнам. Вось гэтымi рукамi i араў, i баранаваў... I усё жыццё я думаў толькi пра народ. Скажу адкрыта, я ведаю, што народ мяне любiў... I вы ўсе ведаеце. Насуперак усiм ворагам, усiм "пятым калонам" - любiў...
Два старэйшыя сыны абмянялiся позiркамi.
- Мы не прадалi краiну, не прапiлi, не страцiлi. Беларусы жывуць не горш за iншых. Ёсць стабiльнасць, ёсць парадак, ёсць праца i ежа. Дзякуй богу, самi сябе забяспечваем. Нашыя дзеткi не баяцца хадзiць па вулiцах нашых гарадоў, а жанчыны нараджаць. Тут прысутнiчаюць амбасадары нашых суседзяў: Расеi, Еўропы, Украiны... Няма чаго грахi таiць, шмат вы тут дзiд паламалi, спрабуючы ўсталяваць свой уплыў. Змянiць нашу ўладу. Прыбраць прэзiдэнта. Што? Атрымалася?
Прэзiдэнт суха засмяяўся. Гэта ён дазваляў сабе рэдка i нiколi на людзях. Яго смех быў падобны на кашаль. Амбасадары толькi кiсла ўсмiхнулiся.
Малодшы сын, якi сядзеў да яго блiжэй за ўсiх, кiнуў на бацьку захоплены, поўны любовi позiрк.
- Сёння вашая мара спраўдзiцца. Прэзiдэнт сыходзiць. Але не таму, што вы так захацелi, а таму, будзем шчырыя, што час надышоў. Прыйшоў час перакласцi цяжар кiравання на iншых i даклыпаць да дамавiны ўлегцы.
Ён замоўк. У велiчэзнай зале павiсла цяжкая паўза. Людзi здзiўлена круцiлi галовамi, не разумеючы, як успрымаць гэтыя словы. Старэйшыя сыны прэзiдэнта пераглянулiся зноў - яны ведалi, што будзе далей. Толькi сыны ўсё ведалi загадзя. Мiкалай глядзеў унiз, не паднiмаючы вачэй.
Стары прэзiдэнт доўга маўчаў. Ён разважаў, здавалася, у апошнi раз, перад тым як прыняць лёсавызначальнае для сябе i краiны рашэнне. Нарэшце, ён схiлiўся да мiкрафона i цвёрда загаварыў.
- Сёння я падпiшу канстытуцыйны дэкрэт аб новым тэрытарыяльным падзеле Беларусi. Замест шасцi абласцей уводзяцца тры аўтаномныя акругi, тры саюзныя дзяржавы. Заходняя Беларусь. Цэнтральная. I Усходняя. Са сталiцамi ў Гароднi, Менску i Магiлёве адпаведна. У кожную акругу мной прызначаецца кiраўнiк дзяржавы, якi атрымае ўсю паўнату прэзiдэнцкай улады на сваёй тэрыторыi. Беларусь заўсёды была штучнай фармацыяй. Будзем шчырыя з народам, нiякiх гiстарычных меж у яе няма. I праваслаўны, прарасейскi Усход так i не пагаднiўся з каталiцкiм Захадам. I пры Вялiкiм гэтым Княстве, i пры Польшчы, i пры Сталiне - заўсёды гэтую зямлю перакройвалi. Надышоў час зрабiць тое, што рабiлася спакон вякоў...
Прэм'ер-мiнiстр напiсаў дрыготкай рукой на паперцы: "Ты ведаў?" i паглядзеў на кiраўнiка адмiнiстрацыi. Той адмоўна пакруцiў галавой. Стары генерал поўнымi слёз вачыма глядзеў на прэзiдэнта.
- Я выгадаваў трох сыноў. Прыгажуноў. Дзяржаўнiкаў. Разумнiкаў.
Ён паглядзеў на iх з бацькоўскiм гонарам. Старэйшыя сыны ўсталi з месцаў, i аказалася, што гэта дужыя мужыкi гадоў па шэсцьдзесят, якiя i постаццю, i прыгажосцю нагадвалi бацьку ў росквiце сiл.
- Коля, устань i ты, - далiкатна папрасiў бацька.
Збянтэжаны Коля, якi быў маладзейшы за братоў амаль на трыццаць гадоў, кiнуў позiрк на людзей i таксама падняўся. Ён быў iншым. Зараз было асаблiва выразна вiдаць, што Коля быў народжаны ад iншай мацi: худзенькi i лёгкi, ягоная прыгажосць была салодкай i кранальнай. Яна адрознiвалася ад цыганскай постацi яго старэйшых братоў. Такi позiрк як у Колi сустракаўся ў анёлаў на абразах.
Прэзiдэнт паказаў на сыноў.
- Вось новыя кiраўнiкi краiны. Я iх рыхтаваў замалада. Усё, што заваявана бацькам, усё, што я стварыў i прымножыў, яны захаваюць для народа. Вы скажаце, як так? I чаму? Адкажу адкрыта, як заўсёды я размаўляў з людзьмi. Навошта кiдаць краiну ў бездань нестабiльнасцi? Каму патрэбна нявызначанасць гэтых "псеўдадэмакратычных" працэдур? Гэта не казiно, каб няправiльнай стаўкай разбурыць усе, што мы будавалi дзесяцiгоддзямi. А ў сынах я ўпэўнены як у сабе. Гэта мая кроў... Мая сiла... Мая душа... Каму яшчэ магу даверыць я самае дарагое, што ў мяне ёсць? Беларусь! Тры пялёстка яе... Краiну, якую я гэтымi рукамi адрадзiў з попелу. Яе люблю я, як i iх. Мы - адно цэлае. Цела ад цела гэтай зямлi... I аб гэтай любовi яны зараз вам самi распавядуць.
Старэйшы Георгiй падняў паперку i нягучна прачытаў:
- Дабрыдзень. I вам, бацька, i паважаным прысутным. Цяжка знайсцi словы любовi да майго бацькi i вялiкага прэзiдэнта, якiя бы выказалi маю асабiстую падзяку. Бацька з'яўляецца ўвасабленнем усяго найлепшага, што ёсць у Беларусi i ўласцiвага нам, беларусам. Сумленнасць. Прыстойнасць. Шчодрасць. Устойлiвасць. Дальнабачнасць. Усё гэта прысутнiчае ў iм у найвышэйшай ступенi. Шмат дзесяцiгоддзяў ён быў нашым прэзiдэнтам i клапатлiвым бацькам. Не толькi для нас траiх, але для ўсёй нацыi, для усяго народа. Бацькам. Камяк падступае да горла, прабачце, калi я кажу гэтыя словы. Я люблю яго больш за ўсё на свеце i клянуся ва ўсiм слухацца ягоных парад на высокiм дзяржаўным пасту, якi ён мне даверыў. Бацька, ты будзеш мной ганарыцца!
Тэлекамеры транслявалi яго прамову на ўсю краiну.
- Табе, мой старэйшы сын, я даручаю Захад, - велiчна прагаварыў прэзiдэнт. - Багаты край. З гандлем, дагледжанымi гарадамi, шырокiмi ўгоддзямi. Край, якi, скажам адкрыта, нiчым не саступае Еўропе.
- Дзякуй, тата. Цябе не будзе за мяне сорамна.
Ён сеў, не хаваючы ўсмешкi.
- Што скажаш ты, Раман? - строга спытаў прэзiдэнт у сярэдняга сына. - Давай. Народ слухае.
Аб'ектывы тэлекамер сфакусавалiся на сярэднiм сыне прэзiдэнта.
- Няма дня маркотней для краiны, - забубнiў Раман тэкст, якi напiсаў на паперцы. - Я ведаю, угаворы не дапамогуць. Рашэнне прынята, а твае рашэннi мацней за любыя законы i канстытуцыi. Тваё кiраванне было "залатым векам" для Беларусi. Любоў народа да цябе - бязмежная. Брат мае рацыю, любоў i падзяка да цябе - гэта i ёсць сэнс нашага жыцця. I жыцця нашых грамадзян. Мы кiраваць будзем паводле тваiх запаветаў. А твая ўхвала для нас будзе галоўнай узнагародай.
Ён замоўк i аддана паглядзеў на бацьку. Стары кiўнуў.
- Няхай будзе так, - сказаў ён. - Усход за сярэднiм сынам. Рома, для мяне гэтыя землi асаблiва каштоўныя. Вы ўсе тут ведаеце, вы ў школе вывучалi - адтуль каранi прэзiдэнта. Там нашыя продкi. На Магiлёўшчыне - сямейная хата. Яго захоўваць табе я даручаю. Яшчэ глядзi, каб заводы i фабрыкi працавалi, iшла гандаль. Да Расеi там рукой падаць. А гэта наш партнёр, i сябар, i, няма чаго грахi таiць, заступнiк.
- Я абяцаю. Так i будзе.
Раман сеў i з палёгкай выдыхнуў. Самы цяжкi момант для старэйшых братоў прамiнуў.
- Буду шчыры, ёсць у мяне любiмы сын, - сказаў кiраўнiк. - Вы ведаеце яго. Гэткi прыгажун. З яго маленства мы неразлучныя з iм. Усюды, i дома i ў справах працоўных, ён з малых гадоў быў з татам разам. Хлапчук... Цягаўся, падшыванец, за мной, як хвост. Вы памятаеце... I з прэзiдэнтамi, i з Папам Рымскiм, i з народам на маiх сустрэчах малы мой заўсёды быў побач. Яму жадаю даверыць я сталiцу - Менск, i гэтую рэзiдэнцыю. Мiкалай, скажы, што думаеш ты пра свайго бацьку? I пра яго паўстагоддзя прэзiдэнцтва?
Малады мужчына пачырванеў i праглынуў слiну.
- Я не рыхтаваў прамову, - амаль шэптам сказаў ён. - I лепш прамаўчу.
- Не трэба прамовы. Скажы, што думаеш. Ад сэрца. Ад душы, - дапамагаючы яму, параiў бацька. - У нас тут адкрытая гутарка.
Малодшы сын уздыхнуў.
- Ад душы... Я як сын, цябе паважаю i люблю, вядома. Ты зрабiў вельмi шмат - гэта факт. Хоць не ўсё, што ты рабiў, было правiльным. I кiраванне тваё не было бясхмарным. Так, былi ўзлёты, але i памылак зроблена нямала.
Ён замоўк, павiсла цяжкае маўчанне.
Прэзiдэнт здзiўлена глядзеў на сына. Ён не чакаў такiх слоў. Мiнулi хвiлiны, перш чым стары падаў голас.
- Пра што ты кажаш?
- Пра тое i кажу: лiслiвiць я не ўмею. Прабач мне, тата. Праўда заўсёды дзесьцi пасярэдзiне, i добрае заўсёды суправаджаецца благiм. I дабрабыт адных з незадаволенасцю iншых увесь час суседнiчае, - унiклiва растлумачыў сваю пазiцыю сын.
- I хто ж незадаволены? Такiх я ўжо шмат гадоў не сустракаў, - тон старога станавiўся халаднейшым.
- Дазволь мне не адказваць, - папрасiў сын.
- Не, я задаў пытанне.
- Не тут i не цяпер, - узмалiўся Коля.
- Тут i цяпер! Перад людзьмi, перад краiнай. Цяпер! Чаго ўтойвацца? Сумленны дыялог. Ты, Коля, усё скажы, як ёсць - хай чуюць. I я таксама буду ведаць...
Зноў усе позiркi звярнулiся на малодшага сына, якi зараз i сам быў не рады сваёй сумленнасцi. Коля сабраўся з сiламi i прагаварыў.
- Некаторыя не лiчаць нашу краiну вольнай, - сказаў ён фразу, ад якой у многiх пайшлi дрыжыкi па скуры. - Некаторыя кажуць, што ты ўзурпаваў уладу, а выбары былi несумленныя. А потым ты iх увогуле адмянiў. Так, ты выратаваў краiну ад разрухi, але калi б быў на тваiм месцы iншы чалавек - зусiм неабавязкова дзяржава бы загiнула... Ёсць тыя, хто сядзеў у турмах за свае перакананнi. Яшчэ кажуць, што мы маглi бы быць багацейшыя, калi бы эканомiка развiвалася вольна. I што так шмат ворагаў у нас у свеце праз цябе, i нават суседзi ставяцца да нас з холадам. Так, такiх людзей мiзэрная колькасць, але яны былi...
- Замоўкнi! - не вытрымаў прэзiдэнт. - Закрый свой брудны рот! Як смееш ты, хлапчук, казаць такое мне? Дык вось яна, твая падзяка за маю любоў? I за шчаслiвае дзяцiнства, якога не было тут нi ў каго? За частку лепшую краiны, якую я табе прызначыў? I за багаццi, якiя вы прыдбалi праз мяне?
- Прабач, але ўсё неадназначна, - адказаў малодшы сын.
- Не, адназначна. Здрада. I няўдзячнасць. Ганебнасць. Чэрствасць. Адназначна ўсё!
- Ты не маеш рацыi, бацька. Я ўдзячны, верны, адданы i занадта паважаю цябе, каб лiслiвiць.
Кiраўнiк адмiнiстрацыi, адчуўшы, што публiчны канфлiкт можа зайсцi занадта далёка, падняў руку i паводле пратаколу ўстаў.
- Таварыш прэзiдэнт...
- Табе чаго? Не лезь. Ты шмат гадоў кiруеш маёй адмiнiстрацыяй i ведаеш, чым гэта можа скончыцца...
- Не трэба гарачыцца, таварыш прэзiдэнт, - мiралюбна сказаў кiраўнiк адмiнiстрацыi. - Рашэнне прынята, яно выдатнае. А як i што абгаворым заўтра.
- Ты мне загадваць вырашыў? Сабакай круцiць хвост? Цi з глузду з'ехаў ты? Забыўся? Дык нагадаю я: ты быў нiхто, i зараз ты нiхто перада мной. Цябе я адпраўляю ў адстаўку. Цяпер i неадкладна. Прэч з маiх вачэй, - прэзiдэнт паказаў кiраўнiку адмiнiстрацыi на дзверы. - Чуў? Прэч адгэтуль.
Кiраўнiк адмiнiстрацыi бачыў ужо такое раней. Рашэннi прэзiдэнта былi канчатковымi, i спрачацца было бессэнсоўна. Ён устаў, кiўнуў галавой астатнiм i накiраваўся да выхаду. Усе апускалi вочы, калi ён праходзiў мiма iх. Перад дзвярыма ён нечакана спынiўся, павярнуўся да малодшага сына i паказаў яму вялiкi палец у знак падтрымкi.
Прэзiдэнт падумаў некалькi секунд i зноў загаварыў:
- Я змянiў свой план. Трэцяя аўтаномная акруга будзе падзелена пароўну памiж старэйшымi сынамi, Георгiем i Раманам, якiя ў поўнай меры прадэманстравалi любоў да бацькi i здольнасць працягнуць курс на росквiт беларускага народа, - вырашыў прэзiдэнт. - Мяжа ў Менску пройдзе па праспекце Незалежнасцi. Вось так! - ён сваёй рукой накрэслiў на мапе лiнiю. - Я са сваёй адмiнiстрацыяй буду гасцяваць па месяцы ў дзяржаўных рэзiдэнцыях Гароднi i Магiлёва па чарзе, каб быць упэўненым, што наша мадэль развiцця грамадства прагрэсуе. Што тычыцца цябе, Мiкалай... Эх, Коля, Коля... Хай чуюць усе! I тэлекамеры няхай усё здымаюць. I бачыць бог, калi ён ёсць... Яго любiў я больш за iншых, але ён здрадзiў мне. Ну што ж... Мой малодшы сын пераходзiць на дыпламатычную працу. Хай едзе з краiны... З вачэй маiх. Тут прысутнiчаюць прадстаўнiкi Расеi i Еўрасаюза. Скажу адразу, адмысловых бонусаў ад гэтага амбасадара не чакайце. Такое прызначэнне як высылка. Хто яго прыме?
Устаў расiйскi амбасадар.
- Баюся, той узровень адносiн, якi склаўся памiж нашымi краiнамi, патрабуе больш памяркоўнага i ўплывовага амбасадара, - сказаў ён важна.
- Так, можна пагадзiцца тут. А што ў Еўропе скажуць?
Сiвавалосы прадстаўнiк Еўрапейскага звяза пашаптаўся з амерыканскiм калегам i ўстаў.
- Тыя пытаннi, якiя агучыў малады чалавек, для нас зразумелыя i хвалююць нас таксама. Што ж, будзем чакаць адказаў разам. Лiчыце, агрыман ад нас атрыманы. I вiза таксама.
- Вось i выдатна, - гыркнуў стары прэзiдэнт. - З вачэй далоў, з сэрца вон - ёсць у нас прыказка такая. Усiх вiншую я з этапам новым у жыццi краiны! Усiм дзякуй.
Прэзiдэнт устаў. Ускочыўшы, усе прысутныя на паседжаннi выцягнулiся ў струнку. Стары акiнуў iх нядобрым позiркам, уздыхнуў i марудлiва выйшаў у тыя ж дзверы, праз якiя ўвайшоў...
Мiкалай з вiльготнымi ад слёз вачыма павярнуўся да братоў.
- Так, выйшла горка... Браты мае, старога беражыце. Пра вас усё ведаю, але не буду... Не ў гэтым сутнасць. Любовi вашай паказной я тату даручаю. Хоць, ведаю, са мной яму было бы лепш, - прашаптаў ён так, каб чулi толькi яны.
- Не трэба нас вучыць, - адказаў старэйшы брат.
- Колька, мы самi разбяромся, - усмiхнуўся сярэднi.
- Убачымся няхутка...
Два старэйшыя браты адышлi да акна. За цяжкiмi гардзiнамi была бачная скрынка Купалаўскага тэатра, прыкметна парадзелы парк i дахi Палаца Рэспублiкi, дамы на Траецкiм i чарговая блiзкаўсходняя гасцiнiцы, цi то Лiванская, цi то Катарская. Вулiцы традыцыйна былi пустымi - народ сядзеў ля тэлевiзараў.
- Праспект. Мяжа нашых краiн. Адмiнiстрацыя, значыцца, адыходзiць табе, - сказаў старэйшы брат.
- Затое Дразды - табе, - адказаў сярэднi.
- А табе Купалаўскi тэатр i Нацыянальная бiблiятэка, - працягнуў пералiчваць новы ўладар Заходняй Беларусi.
- А табе Оперны i Дом Ўрада. I ГУМ.
- А табе ЦУМ.
- А табе МАЗ i Трактарны завод.
- А табе "Беларуськалiй"...
Яны ўсмiхнулiся. Пералiчваць новыя валадарствы можна было доўга.
- Што думаеш пра бацьку? - панiзiў голас Георгiй.
Усмешка знiкла з твару Рамана. Ён адказаў яшчэ цiшэй.
- Бачыш, якi ён шалапутны. Тут прызадумаешся. Як ён з Колем паступiў? I гэта з любiмым сынам. У якiм душы не чуў i любiў больш за нас.
- Узрост, - пагадзiўся Георгiй. - Хоць ён i раней бываў неадэкватны. Кiраўнiка адмiнiстрацыi звольнiў у жывым эфiры. А ён, мiж iншым, яму дзясятак гадоў верай i праўдай служыў.
- Пабачым, што будзе далей, - сказаў сярэднi сын i ўздыхнуў. Ён абярнуўся i паглядзеў на Мiкалая, якi працягваў сядзець за велiзарным сталом, хоць усе ўжо пакiнулi яго. Юнак безуважна глядзеў у пусты нататнiк, якi ляжаў перад iм. Там не было напiсана нi слова, толькi як быццам дзiцячай рукой было намалявана сонейка.
- Шкада Кольку. Любiмчык стаў выгнаннiкам. Iронiя, - працадзiў Раман.
- Сам на ражон палез. Раздурыў яго бацька i вось атрымаў, - сказаў Георгiй. - Лагiчна: калi з дзяцiнства ўсё дазваляць, сядзе на галаву i ногi звесiць... Але ты маеш рацыю, Рома, усёткi яго шкада... Дый бацькi не менш.
- А калi задумацца? Як даў, так i ўзяў?
Раман кiнуў на брата шматзначны позiрк.
- Так... Ёсць пра што падумаць. - прагаварыў Георгiй i дадаў. - Выдатная восень, выдатная...
Браты замоўклi. Яны глядзелi, як чорны картэж бацькi з дзясятка браняваных аўтамабiляў ад'ехаў ад будынка адмiнiстрацыi. I калi ён схаваўся за паваротам, двое чорных снайпераў, якiя прыкрывалi ад'езд, усталi на даху Купалаўскага тэатра i накiравалiся ў бок дзвярэй на гарышчы.
2.
Манументальны будынак Камiтэта дзяржаўнай бяспекi, якi размяшчаўся ў Менску на праспекце Незалежнасцi, адрознiваўся пацешнай вежкай, аб прызначэннi якой даўно будавалi здагадкi шматлiкiя гараджане. Парадны ўваход за велiчэзнымi калонамi быў традыцыйна зачынены, i на яго дзень i ноч глядзеў помнiк Фелiксу Дзяржынскаму.
Па калiдоры трэцяга паверху нетаропка iшла Ганна, другi намеснiк старшынi КДБ. Форма палкоўнiка была ёй да твару, i маладыя афiцэры азiралiся, калi яна праходзiла мiма.
"Яны глядзяць на мяне, як на цацку, - думала яна. - "Жанчына нiколi не ўзначалiць у Беларусi дзяржбяспеку. Гэта немагчыма". Так ён казаў... "Сiлавыя структуры - гэта мужчынскi свет". I пасля сыходу старога, усё дастанецца пляменнiку Мiкiце. Ну што ж, паглядзiм".
У яе ў руках была папка для дакладаў, а накiроўвалася яна ў кабiнет да начальнiка. Яна iшла, каб ажыццявiць свой план.
Стары генерал прыняў яе ў сваiм вялiкiм, цёмным кабiнеце. Ён быў засмучаны падзеямi, якiя адбылiся напярэдаднi.
- Таварыш генерал, магу ўвайсцi? - спытала яна.
- I усёткi з сынам ён пагарачыўся, - сказаў старшыня хутчэй сабе, чым ёй. - Не было ў гэтай краiне iстоты больш адданай i ўдзячнай яму, чым Коля. I публiчна высылаць яго ў Еўропу, як быццам гэта тундра або Афрыка, як у бруднае балота, значыць абразiць яшчэ i ўвесь Еўразвяз.
Ганна не адказала на яго словы, але падышла блiжэй i дзяжурным жэстам працягнула яму папку.
- Вось справаздача аб допытах асоб, абвiнавачаных у дзяржаўных злачынствах, - адчаканiла яна i выклала з папкi некалькi аркушаў.
- Яны прызналiся?
- Прызнаюцца, - усмiхнулася яна. - Яшчэ трохi, i будуць аб памiлаваннi прасiць.
- А гэта што? - стары паглядзеў на адзiн з аркушаў, якi вылучаўся сярод iншых.
Ганна працягнула руку.
- Выбачайце. Пэўна, гэта трапiла ў папку памылкова. Гэта... з iншай справы.
- Якой справы? - стары чэкiст адразу адчуў нядобрае.
- З iншай справы. Са справы, якую вядзе служба ўласнай бяспекi, - сказала яна i зноў замоўкла. - Але дакладваць пакуль няма пра што.
- Тут сказана, што пачалася iнтрыга па дыскрэдытацыi мяне перад новымi прэзiдэнтамi, якая прывядзе да адхiлення мяне ад пасады, - прачытаў ён.
- Ёсць аператыўная iнфармацыя, але...
- Хто?
- Пераправерыць трэба шмат разоў.
- Хто? - генерал павысiў голас.
- Я бы нiколi не вырашылася без належных доказаў па такому сур'ёзнаму абвiнавачванню, - цягнула яна час, мучачы старога.
- Хто? - закрычаў ён.
- Ваш першы намеснiк, - прашаптала Ганна. Голас яе задрыжаў.
Здаецца, старшыня камiтэта не адразу зразумеў, што гэта азначае. Ён узяў шклянку з вадой, хацеў быў выпiць, але паставiў яе назад. Стары дрыготкай рукой падняў паперу i ў чарговы раз перачытаў, варушачы вуснамi, нiбы ад гэтага яна магла змянiць свой сэнс на процiлеглы. Затым ён падняў вочы на Ганну.
- Мой пляменнiк? Мiкiта? Госпадзi, як гэта можа быць...
- Мы правяралi скрынi ва ўсiх супрацоўнiкаў. Ну пошту электронную... Адмiнiстратар знайшоў адну скрыню, якая не была ўлiчана. Зарэгiстраваны iнкогнiта. Усталявалi вiрус, прасачылi, - распавядала яна, як быццам неахвотна. - Там шмат рознага знайшлося. А галоўнае, цыдулка.
- Каму прызначаецца лiст?
- Мне. Аб'яднаецца, каб вас звалiць i знiшчыць - вось сэнс яго прапановы.
- Падонак, - прашыпеў генерал. - Нягоднiк. Гнюс.
- Але раптам ён проста тэстуе мяне? Паспешныя высновы ў нашай справе недапушчальныя. Трэба правесцi аб'ектыўнае i поўнае расследаванне.
- Дай бог, - кiраўнiк КДБ жадаў паверыць у гэтую версiю, але не мог. - Афiцэр, родная кроў... Ён мне як сын быў. Так стукнуць у спiну... Мы дакапаемся да праўды. Прызначыць аператыўную праверку. Выкарыстай усё: праслухоўку, назiранне, любыя сродкi, толькi знайдзi доказ... Жалезны доказ! Вiнаваты альбо не!
- Так i будзе, - спакойна сказала Ганна.
Калi кiраўнiк Камiтэта дзяржаўнай бяспекi Беларусi застаўся адзiн, ён дастаў з сейфа бутэльку гарэлкi. Стары пiў толькi адзiн, нiколi на людзях. Ён налiў сабе шклянку гарэлкi i выпiў палову яе.
- Сын на бацьку пайшоў. Бацька на сына... Так, часы, - прагаварыў ён, звяртаючыся невядома да каго. - Здрада i бунты зараз будуць суправаджаць нас да магiлы.
3.
Палкоўнiк была задаволена сабой. Яна адчувала сваю сiлу. Яна iшла па калiдоры з усмешкай, якая не знiкла нават тады, калi наперадзе з'явiўся яе калега i канкурэнт - першы намеснiк старшынi КДБ Мiкiта.
- Што нi кажы, у нас краiна неспадзевак. Цудоўна выглядаеце, Ганна Мiкалаеўна, i бачу, настрой таксама дабры, - прывiтаў яе малады палкоўнiк.
Яна працягнула яму руку для вiтання.
- Тут не ведаеш, цешыцца або гараваць, - адказала яна. - Але гэта добра, што я вас сустрэла. Вы куды накiроўвалiся?
- Да кiраўнiцтва.
- Да Сяргея Мiхайлавiча?
- Ну, так, пакуль ён у нас старшыня камiтэта.
Ганна зазiрнула яму ў вочы, пасля нечакана з даверам ўзяла за руку.
- Давайце зойдзем да мяне на пяць хвiлiн.
- Ваш тон не прадугледжвае адмовы, - заўважыў Мiкiта.
- Не. Гэта ў вашых iнтэрасах.
Яна правяла яго па доўгiм калiдоры i завяла ў свой кабiнет. Ён быў меншы, чым кабiнет начальнiка i нiшто ў iм не паказвала, што яго займала жанчына. На сцяне вiселi герб i афiцыйны партрэт прэзiдэнта з выраўнаваным, подмалоджаным гадоў на дваццаць аблiччам. У куце - нацыянальны сцяг. На стале - толькi папкi са справамi i дакументамi. Нiчога лiшняга.
- Пра што вы жадалi пагаварыць? - спытаў Мiкiта, калi яны ўвайшлi.
Ганна шчыльна зачынiла дзверы за iм, уключыла лямпу i неўзаметку нацiснула пад сталом кнопку, якая запусцiла ўтоены аўдыё i вiдэазапiс.
- Гэта адзiнае месца, дзе я ўпэўнена, што нас нiхто не слухае, - зманiла яна.
- А аб чым такiм мы можам гутарыць, каб нас не слухалi? - усмiхнуўся Мiкiта.
- Аб здрадзе. Подласцi. I антыдзяржаўнай iнтрызе, - пералiчыла яна. - Табе нельга цяпер да кiраўнiцтва.
- Чаму?
- Таму што па даносе ворагаў ты трапiў у няласку. Варта табе пераступiць парог кабiнета старшынi - цябе арыштуюць, - спакойна гаварыла яна, не спускаючы вачэй з калегi. - Змаганне за ўладу ў краiне пачалося, i правiл ў iм няма. Скажы, ты не атрымлiваў ў апошнi час падазроных электронных лiстоў?
- Так. Мне дайшоў лiст, у iм лагiн i пароль ад паштовай скрынi. Я зайшоў ў яго, але там нiчога не было. Я не надаў значэння.
- Дарма.
Ганна падышла да яго блiжэй.
- Ты мне падабаешся, Мiкiта, - нечакана сказала яна. - Ты не падобны на астатнiх: ты сумленны, прыстойны... Iншых сiстэма нявечыць, але ты застаўся чыстым. Як легендарныя чэкiсты з мiнулага. Не агранены, як дыямент. Такiх даўно не сустрэнеш. Будзе шкада, калi цябе пасадзяць.
- Не, пачакай. Я не разуею ў чым справа. Ганна, ты распавядзi падрабязна.
- А ў тым, што хтосьцi з той скрынi пачаў iнтрыгу па выдаленнi старога генерала з пасады. I адзiны чалавек, якi да гэтай скрынi меў доступ - гэта ты.
- Але я там быў толькi раз.
- I таго хапiла, каб прасачыць, - адрэзала яна. - Я паспрабавала пераканаць старога, каб ён не сек з пляча. Але ты ж ведаеш генералаў "старой школы"... Калi ўжо ён што вырашыў, то вырашыў.
- Я растлумачу яму, - ён павярнуўся да дзвярэй, але Ганна ўстала памiж iм i выхадам.
- Што? Словы, словы, словы... Ён спытае, хто ж тады злачынец? Каго прад'явiш?
Мiкiта ўздыхнуў. Яна мела рацыю: прад'явiць у сваё апраўданне не было чаго.
- Я гэтую жывёлiну знiшчу. Сцяру ў парашок, калi знайду, - прагаварыў ён. - Ты мне дапаможаш знайсцi гэтую гнiду?
- Ужо дапамагаю. Але ты павiнен мяне паслухацца, - сказала яна i ўпершыню ў яе голасе праслiзнула пяшчота. - Я ўсё зраблю, i злачынец будзе выкрыты. А ты пакуль павiнен знаходзiцца тут, у маiм кабiнеце. Тут ты ў бяспецы. I адгэтуль, разам мы вылiчым, хто "крот". Мiкiта, я табой вельмi даражу...
Яна пацягнулася да яго, абняла рукамi за шыю i пацалавала ў вусны.
4.
Падзел краiны прайшоў спакойна. На праспекце з'явiлася тоўстая жоўтая паласа, якая аддзялiла Заходнюю акругу ад Усходняй. Беларускi народ, якi за апошнiя гады прызвычаiўся прымаць любыя рашэннi свайго кiраўнiцтва, у цэлым спакойна паставiўся i да падзелу Беларусi. Тлумачэннi прапагандыстаў i экспертаў з дзяржаўнага тэлебачання пераканалi насельнiцтва. Сацыялагiчныя апытаннi паказалi, што, калi бы такую прапанову вынеслi на рэферэндум, яна была бы падтрымана абсалютнай большасцю насельнiцтва. Таму вырашылi, што рэферэндум непатрэбны. Сур'ёзныя дыскусii разгарэлiся толькi з нагоды ўладкавання мяжы i строгасцi прапускнога рэжыму. Сышлiся на тым, што кантроль, несумнеўна, неабходны, але ўвесцi яго ў найблiзкай будучынi не ўяўляецца магчымым.
З Палатай Прадстаўнiкоў паступiлi проста: дэпутаты, абраныя з усходнiх абласцей, утварылi парламент Усходняй Беларусi, астатнiя - Заходняй. Раду Рэспублiкi скасавалi за адсутнасцю такой рэспублiкi.
Спачатку думалi занесцi змены ў канстытуцыю, а потым вырашылi, што ўсё, што адбылося, выдатна тлумачыцца i ў рамках дзейснай.
Дзяржаўныя тэлеканалы былi падзелены пароўну i пераназваны: ОНТ стаў Заходнiм нацыянальным тэлебачаннем - ЗНТ, а "Беларусь 1" стала "Усходняй Беларусiяй 1". Долi "Сталiчнага тэлебачання" размеркавалi пароўну, а канал абавязалi раўнамерна асвятляць жыццё Заходняга i Ўсходняга Менска.
Газеты актыўна каментавалi сiтуацыю:
"Паляпшэнне сiстэмы адмiнiстрацыйнага кiравання ў Беларусi наспявала даўно, можна сказаць, стагоддзямi. Для простага чалавека Ўсход i Захад Беларусi заўсёды былi чужымi, а iх аб'яднанне ў агульную тэрытарыяльную адзiнку - штучным i нелагiчным", - пiсала ў тыя днi "СБ. Беларусь сегодня", заўважаючы пры гэтым, што "пры вiдавочнай неабходнасцi такога рашэння, усiм бракавала палiтычнай волi i мудрасцi ажыццявiць тэрытарыяльна-адмiнiстрацыйную рэформу. I пры царызме, i пры камунiзме, i пры шкоднiках-дэмакратах палiтыкi камуфлявалi вiдавочную праблему пад рознага роду папулiсцкiмi лозунгамi "адзiнствы нацыi". Толькi першы прэзiдэнт здолеў прыняць адзiна дакладнае рашэнне, якое зыходзiць з аб'ектыўных законаў геапалiтыкi, эканомiкi, сацыяльнага развiцця. Спадзяванняў народа, у рэшце рэшт".
"Народная газета" высветлiла, што "Сам Пётр Машэраў марыў аб такiм падзеле i нават часта казаў аб яго непазбежнасцi, за што, верагодна, i паплацiўся жыццём".
Карэспандэнты газеты "Знамя юности" апублiкавалi вялiкае гiстарычнае даследаванне беларускiх акадэмiкаў, якiя знайшлi ў Нацыянальнай бiблiятэцы сярэднявечныя мапы, на якiх было ясна вiдаць, што мяжа, акрэсленая прэзiдэнтам памiж Усходняй i Заходняй Беларуссю, была гiстарычнай.
"Белгазета" разрадзiлася iранiчным артыкулам з лёгкiм апазiцыйным падтэкстам: "Прэзiдэнт як заўсёды абвёў вакол пальца Захад, якi спадзяваўся на дэмакратызацыю краiны, пасля адыходу ад улады старога кiраўнiка. Зараз замест аднаго старога "дыктатара", Еўропа атрымала дваiх маладых".
"Хартыя 97" узяла iнтэрв'ю ў трапiўшага у няласку малодшага сына прэзiдэнта Колi, якi з аднаго боку мякка пакрытыкаваў бацьку за аўтарытарныя метады кiравання, з другога паспрабаваў апраўдацца перад iм. Гэтае iнтэрв'ю адразу ж выкарысталi аналiтыкi дзяржаўнага тэлебачання, каб яшчэ раз паказаць, якi няўдзячны, слабы i подлы быў малодшы сын, i наколькi празорлiвы i велiкадушны ягоны бацька.
Экзархат Рускай праваслаўнай царквы, Каталiцкая, Габрэйская i Мусульманскiя абшчыны выпусцiлi адмысловыя заявы, прызнаўшы, што падзел краiны адлюстроўвае iнтэрасы традыцыйных канфесiй.
Газета "Культура" бадзёра адрапартавала: "Зараз тэатры Ўсходу i Захаду ўступаюць у паласу сапраўднай канкурэнцыi. Мастацтва Беларусi стане больш рознастайнае, выпрацаваўшы дзве розныя эстэтычныя мадэлi. А у вынiку выйграе глядач".
Мiжнародная рэакцыя была змяшанай, калi не сказаць разгубленай. Казалi, што прыкладаў падзелу краiн у гiсторыi было мноства: Паўночны i Паўднёвы Судан, Сербiя i Косава, Паўднёвы i Паўночны Кiпр, дзве Карэi, Заходняя i Ўсходняя Нямеччына i нiчога асаблiвага ў гэтым няма. Расея як звычайна заявiла, што гэта ўнутраная справа Беларусi i блакавала любыя спробы асудзiць аўтарытарны падзел у Радзе Бяспецы ААН. Заходнiя краiны дзяжурна выказалi шкадаванне, што падобнае рашэнне было прынята недэмакратычным шляхам. Тым не менш, у гэтых каментарах праглядвала дрэнна схаваная весялосць з нагоды сыходу старога прэзiдэнта i надзея на супрацоўнiцтва з маладымi новымi кiраўнiкамi.
Для малодшага сына Мiкалая была арганiзавана цёплая сустрэча ў Брусэлi, дзе яго прынялi дыпламаты самага высокага ўзроўню.
Па роўнай i шырокай шашы з Менска ў Гародню ехаў картэж былога прэзiдэнта. Калона з двух дзясяткаў аўтамабiляў: лiмузiны, джыпы, мiкрааўтобусы спецслужбаў, машыны медыцынскай дапамогi, радыёэлектроннага перахопу, спецсувязi, машыны аўтаiнспекцыi з мiгалкамi.
У цэнтры калоны як заўсёды ехаў доўгi бранiраваны "пульман", створаны для прэзiдэнта ў Нямеччыне лепшым аўтавытворцам у свеце. I хоць у прасторным салоне з камфортам змясцiўся бы дзясятак пасажыраў, ужо шмат гадоў прэзiдэнт ездзiў ў iм адзiн.
За акном была пустая дарога (паводле традыцыi, калi ехаў прэзiдэнт, шашу перакрывалi цалкам ад Менска да Гароднi) i ўпадабаныя прэзiдэнтам палi. Ля галоўных дарог яны апрацоўвалiся асаблiва акуратна i вычварна: чыста прыбранае жнiво, на якiм велiзарныя фiгуркi з саломы сiмвалiзавалi сялянскае шчасце. Рож змянялася грэчкай, затым рапс, кукуруза, бульба, памiж якiмi абавязкова размяшчалiся акуратныя надзелы пад марозаўстойлiвыя пароды алiўкавых дрэў, вiнаграднiкаў, бахчавых культур i нават цытрусавыя гаi. Яны былi гонарам прэзiдэнта i сведчаннем яго сельскагаспадарчага генiя. Прэзiдэнт спадзяваўся, што ягоныя сыны прымножаць гэтыя дасягненнi.
У Гароднi яго сустрэлi пампезна. У горадзе быў абвешчаны выхадны дзень i ўсiх службоўцаў сабралi ў цэнтры. Мiлiцыя i вайскоўцы ў парадных мундзiрах шчыльным ланцугом аддзялiлi радасны народ ад вымытай да бляску цэнтральнай плошчы. Адмыслова завезлi з суседняй Польшчы i высадзiлi новыя кветкi. Тры аркестры: вайсковы, гарадскi i iнвалiдаў некалькi дзён рэпетыравалi ўрачыстую праграму. Акцёрам Гарадзенскага драмтэатра пашылi новыя гарнiтуры ў нацыянальным стылi, каб яны надалi сустрэчы фальклорны каларыт. А лялечны тэатр падрыхтаваў нацыянальную "Батлейку", у якой у займальнай форме распавядалася аб гiсторыi Беларусi як незалежнай дзяржавы, ад яе фактычнага стварэння прэзiдэнтам i да яго апошнiх рашэнняў. На памосце выступiлi зоркi беларускай эстрады i творчыя калектывы горада. Адмыслова для суправаджалых былога прэзiдэнта вызвалiлi дзве самыя прыстойныя гарадзенскiя гасцiнiцы, выселiўшы польскiх гандляроў, нешматлiкiх турыстаў i камандзiровачных. А для самога былога прэзiдэнта падрыхтавалi шырокiя апартаменты ў галоўнай рэзiдэнцыi кiраўнiка Заходняй Беларусi, пад якую быў прыстасаваны гiстарычны каралеўскi палац.
Былы прэзiдэнт прыняў ушанаваннi годна, з народам гутарыць не стаў, затое на вячэры ў свой гонар, якая ладзiлася ў ратушы, сказаў вялiкую прамову ў гонар свайго старэйшага сына. Ён успомнiў аб тым, як у юнацкасцi адправiў яго служыць у памежныя войскi, як зрабiў яго сваiм дараднiкам, як увёў у Раду Бяспекi i заўсёды прыслухоўваўся да ягоных парад. Колькi антыдзяржаўных змоў, колькi карупцыянераў i шпiёнаў было выкрыта сынам. Успомнiў нябожчыцу мацi сына. Згадаў унукаў.
Мiнула ўсяго некалькi дзён, i ў краiне нечакана выпаў першы снег. У гэты дзень былы прэзiдэнт падарожнiчаў па Брэшчыне, а Георгiй праводзiў працоўную нараду ў сваiм кабiнеце. Ён слухаў даклад губернатара Гарадзенскай вобласцi.
- Наш любiмы першы прэзiдэнт праводзiць днi, падарожнiчаючы па вашых гарадах. Клецк, Шчучын, Лiда, Ваўкавыск, сёння ранiцай - Брэст i Кобрын. I шчыра кажучы, ягоныя перасоўваннi ствараюць сур'ёзныя праблемы. Велiзарныя сiлы адцягваюцца на забеспячэнне бяспекi. Перакрыццё дарог стварае сур'ёзныя заторы. А неабходнасць кармiць, i добра кармiць, такое войска службоўцаў i ахоўнiкаў спусташае гарады. Марнаванне бюджэту неймавернае.
- Так, калi тата аддаў уладу, то практычнага сэнсу ў такiх паездках няшмат, - прагаварыў Георгiй. - Я чуў, нават былi нараканнi...
- Не хацелася б пра гэта казаць. Усёткi ён ваш бацька i першы прэзiдэнт, - прамямлiў няўпэўнена губернатар.
- А я прэзiдэнт цяперашнi i павiнен ведаць аб усiм, што адбываецца на маёй зямлi, - павучальна сказаў Георгiй.
Губернатар кiўнуў, дастаў з папкi аркуш i зачытаў.
- Паступiлi скаргi, што падчас наведвання аднаго з саўгасаў Клецкага раёна ахова былога прэзiдэнта збiла старшыню, як тут гаворыцца - "за безгаспадарлiвасць i ляноту". Дырэктар не паспеў падрыхтаваць поле да пасадкi зiмавых. Двойчы каралiся афiцэры ДАI за неналежнае перакрыццё дарог. Пацярпелi i карэспандэнты Заходняга нацыянальнага тэлебачання за, як здалося прэс-службе вашага бацечкi, нядосыць захопленыя i вялiкiя рэпартажы аб гэтых паездках. Аператару разбiлi камеру, а карэспандэнтка пасля пагроз з боку службы бяспекi вашага бацькi збегла ў Польшчу. I мабыць, будзе прасiць там палiтычнага сховiшча. За нядосыць смачны абед паплацiлася начальнiца Шчучынскага грамадскага харчавання. Жанчына цяпер у лякарнi з сардэчным прыступам. Тут шмат усякага...
Ён перадаў начальнiку некалькi аркушаў са скаргамi.
- Так, гэта пачынае раздражняць, - уздыхнуў Георгiй. - Без Колi тата як з ланцуга сарваўся... Калi вернецца, скажыце, што я заняты. На важнай нарадзе. Хай усвядомiць, што свет не круцiцца вакол яго. I наогул, мы сёе-тое зменiм ў ягоных звычках.
Картэж старога прэзiдэнта заязджаў у двор былога каралеўскага палаца ў Гароднi. Калiсьцi даўно тут праводзiлi соймы, на якiх выбiралi караля Рэчы Паспалiтай, а зараз тут жылi i працавалi прэзiдэнты: былы i цяперашнi.
Калi ахоўнiк адчынiў дзверы лiмузiна, стары са здзiўленнем заўважыў, што на лесвiцы адсутнiчае чырвоная дывановая дарожка, якую заўсёды слалi для яго. Яшчэ ранiцай яна была.
Непадалёк невысокi пажылы чалавек у шэрым гарнiтуры раздаваў указаннi дворнiкам. Па знаку старога ахоўнiкi прыцягнулi яго да машыны, i былы прэзiдэнт са здзiўленнем пазнаў у гэтым заггасе свайго былога кiраўнiка адмiнiстрацыi, якога выгнаў калiсьцi ў жывым эфiры.
- Ты?
- Я, таварыш прэзiдэнт, - пакорлiва адказаў былы важны службовец.
- Як ты тут апынуўся? - спытаў прэзiдэнт.
- Калi вы мяне выгналi, я спрабаваў уладкавацца на пасаду кiраўнiка, але мяне нiдзе не бралi, - распавёў ён. - За мяжу таксама не выпусцiлi, сказалi, што я валодаю дзяржаўнымi сакрэтамi.
- Так i ёсць, - пагадзiўся былы кiраўнiк.
- Так. Я працягваў шукаць працу... Бiзнэсмэны, даведаўшыся, у якой я няласцы, адмаўлялiся нават сустракацца са мной. Пасля падзелу ваш прэм'ер-мiнiстр працуе тут на аналагiчнай пасадзе, ён мне i дапамог. Прызначыў у заггасы, - разгублена сказаў ён. - Зараз я адказваю за венiкi, анучы, смеццевыя бакi i гнiлое лiсце.
- Ты можаш пазбавiцца i гэтай працы. Дзе дыван, якi ляжаў тут яшчэ ранiцай? - строга спытаў стары.
- Яго прыбралi па загадзе новага кiраўнiка.
- Майго сына?
- Так, бо ён зараз новы прэзiдэнт.
Нешта ў яго словах i ў яго выглядзе здалося прэзiдэнту кранальным i бездапаможным. I ён палагоднеў, як з iм здаралася не раз.
- Ты ведаеш, я не злапомны, - сказаў ён. - I тым, хто мне служыў аддана, я многае прабачаў. Таму што я бачу чалавека наскрозь. Калi чалавек праходзiў выпрабаванне нямiласцю i захоўваў вернасць, не сыходзiў у "пятую калону", я заўсёды даваў яму другi шанец. Дам i табе. Кiм ты працаваў у мяне, нагадай?
- Спачатку памагатым... Галоўным iнспектарам па Магiлёўшчыне. Кiраўнiком справамi. Мiнiстрам iнфармацыi. I нарэшце, амаль дзясятак гадоў - кiраўнiком адмiнiстрацыi, - пералiчыў цяперашнi заггас. - I нi разу нiхто не абвiнавацiў мяне ў тым, што я ўрвiцель альбо здраднiк. Я быў заўсёды з вамi сумленны. I адданы, як сабака.
- Iншых не трымаем, - усмiхнуўся стары прэзiдэнт. - Праўда, сабака не толькi лiжа руку, але часам i кусаецца. Добра, будзь побач, i занятак якоi-небудзь для табе знойдзецца... З заггасаў ты звольнены.
Ён велiчна накiраваўся да ўваходу ў палац у суправаджэннi аховы i сваёй адмiнiстрацыi.
У фае яго сустрэў губернатар Гароднi.
- Рады прывiтаць вас пасля цяжкага дня, - сказаў ён.
- Чаму ты сустракаеш мяне адзiн? Дзе сын? - перапынiў яго стары прэзiдэнт.
- Баюся, ён заняты, - адказаў губернатар, пакланiўся i выйшаў.
На некалькi секунд павiсла цiшыня. Прэзiдэнт павярнуўся да сваiх людзей.
- Што гэта было? Жарт? Новы пратакол? Хто-небудзь вярнiце гэтага прыдурка, - загадаў ён. Ахоўнiк кiнуўся выконваць даручэнне. - Нiколi ён тут не зробiць кар'еры! Дарэчы, наконт жартаў, дзе мой прэс-сакратар? Вось той, хто ўмее падняць мне настрой... Ён ачуняў?
- Удакладнiць? - спытаў працаўнiк службы пратаколу прэзiдэнта.
- Ну, удакладнiце.
З прыёмнай выйшаў ахоўнiк з заклапочаным аблiччам. Было вiдаць, што яму нячаста прыходзiлася дакладваць прэзiдэнту такiя весткi.
- Ну што? - нецярплiва спытаў стары.
- Ён адмовiўся выходзiць, - сказаў ахоўнiк.
- Адмовiўся? Чаму?
- Не жадае, - ахоўнiк разгублена развёў рукамi. - Не жадае.
Стары прэзiдэнт выпрастаўся, ўсярэдзiне ў яго нешта разгулялася, ён раз'юшана засоп i накiраваўся ў бок прыёмнай. За iм рушыла ўслед i свiта, якая хрыбтом адчула дзiкi гаспадарскi гнеў.
У прыёмнай губернатар пра нешта гутарыў з сакратарамi. Убачыўшы прэзiдэнта, ён прыкметна збялеў i змяк.
- Па-твойму, я хто? - спытаў стары.
- Вы... Вы бацька нашага кiраўнiка, - прамямлiў губернатар.
- Нiкчэмнасць, вош, гнiда, - спапяляў яго стары. - Я такiх як ты гэтулькi перамалоў, згнаiў у турмах i iзалятарах... Пятая ты калона, здраднiк. Заўтра ты тут працаваць не будзеш, я табе гэта абяцаю...
- Не вы мяне прызначалi, - паспрабаваў уставiць слова мокры ад поту губернатар Гарадзеншчыны.
- Маўчаць, пакуль я гавару, гаўнюк! - гыркнуў прэзiдэнт на чынушу, якi зарваўся. - Ты нiхто перада мной. Пыл i гной. Лайно на маiм боце. Я стварыў гэтую краiну, а такiя як ты, губернатары i мэры, валялiся ў мяне ў нагах, тыднямi праседжвалi азадкi ў прыёмнай, цалавалi рукi, каб я проста паглядзеў ў iхнi бок, ратаваў iхнiя прадпрыемствы, кiнуў iм бюджэтную падачку... I ты, падонак, мне грубiянiш?
Стары раптам размахнуўся i адвесiў яму цяжкую аплявуху. Губернатар схапiўся за шчаку, пабарвовеў i, сабраўшы ў кулак усю сваю адвагу, выпалiў.
- Я не абавязаны такое трываць!
Ён накiраваўся да выхаду, але дарогу яму заступiў былы кiраўнiк адмiнiстрацыi.
- Прэч з дарогi, дворнiк, - прашыпеў яму губернатар.
- Я больш не дворнiк. Прэзiдэнт вярнуў мяне ў сваю каманду, - ганарлiва адказаў былы кiраўнiк. - I табе лепш праявiць больш павагi да выратавальнiка нашай краiны.
- Няма больш такой краiны. З дарогi, - ён грубiянскi праштурхнуўся да выхаду, працягваючы трымацца за шчаку, якая гарэла. У спiну яму паляцелi злыя смяшкi i жарты ад суправаджалых прэзiдэнта.
- А, у нас свята? З чаго бы? - адцягнуў усiх ад гэтай весялосцi яркi, вядомы голас прэзiдэнцкага прэс-сакратара. - Мы зноў ва ўладзе? Зараз мы цешымся, што пакрыўдзiлi дахадзягу ўзроўня правiнцыйнага губернатара? Вось ужо сапраўды смех!
Прэс-сакратар быў выхадцам з тэлевядучых i тэатральных акцёраў. Калiсьцi яго перадачы i ток-шоў пра агрэсiўныя планы Захаду, падступства, прагнасць i нiкчэмнасць апазiцыi, iмперскiя планы Расеi, прыкоўвалi да экранаў усю краiну. Ён пабыў i кiраўнiком дзяржаўнага канала, i мiнiстрам iнфармацыi, але апошнiя гады прэзiдэнт трымаў яго прэс-сакратаром не столькi для таго, каб фармаваць грамадскую думку - журналiсты i так былi добра вымуштраваны, а сiстэма прапаганды адбудавана - колькi для ўласнай забавы. Нiхто не ўмеў так падняць старому настрой саркастычным жартам альбо вострым каментаром, як гэты чалавек. Нiкому iншаму прэзiдэнт не дазваляў iранiзаваць над сабой або сваiмi рашэннямi.
- Ён праявiў непавагу, - сказаў дараваны кiраўнiк адмiнiстрацыi.